Порт Бейрута пасля выбуху ў жніўні 2020 г. Порт Бейрута пасля выбуху ў жніўні 2020 г. 

Касцёл у Еўропе заклікаў ЕС дапамагчы Лівану

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) заклікала Еўрапейскі Саюз падтрымаць ліванскі народ, які змагаецца з палітычна-эканамічным крызісам.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

На думку біскупаў, Лівану пагражае крах. Краіна паралізавана ўжо на працягу некалькіх месяцаў, ключавыя пасады застаюцца вакантнымі, паколькі палітыкі не могуць дасягнуць дамоўленасці аб фарміраванні новага ўрада. Адбываюцца шматлікія дэманстрацыі. У выніку крызісу кошт ліванскай валюты рэзка ўпаў, а сацыяльна-эканамічная сітуацыя пагаршаецца пандэміяй каронавіруса. Яшчэ доўга будуць адчувацца драматычныя наступствы выбуху ў порце Бейрута ў жніўні 2020 г., у выніку якога загінулі каля 200 чалавек, а 7 тыс. атрымалі раненні.

Заклік COMECE з’явіўся пасля ліста ліванскіх біскупаў, накіраванага епіскапатам Еўрапейскага Саюза. У ім іерархі выказалі занепакоенасць небяспекай цяперашняга сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу. Паводле Касцёла ў Ліване, "сур'ёзнасць сітуацыі пагражае ідэнтычнасці краіны, якая грунтуецца на плюралізме і братэрстве, што робіць яе натуральным месцам для дыялогу паміж рознымі рэлігійнымі і культурнымі групамі". Менавіта таму біскупы заклікалі міжнародную супольнасць, уключаючы Еўрапейскі Саюз, падтрымаць ліванскі народ у барацьбе з эканамічным крызісам і з стратай ідэнтычнасці. Яны таксама падкрэслілі "неабходнасць садзейнічання прысутнасці хрысціян у рэгіёне".

Кс. Мануэль Барыёс Прэта, генеральны сакратар COMECE, заклікаў Еўрасаюз да пошуку ўзаемадзеяння з мясцовымі Касцёламі і рэлігійнымі суб'ектамі, а таксама партнёрства з імі.
 

31 мая 2021, 12:01