Пачынаецца малітоўны “марафон” аб заканчэнні пандэміі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
1 мая 2021 г. у 18.00 па рымскім часе Папа правядзе набажэнства перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, размешчаным над алтаром св. Льва Вялікага ў ватыканскай базыліцы. З гэтай нагоды ён благаславіць ружанцы, вырабленыя адмыслова для гэтай падзеі; яны адправяцца ў трыццаць марыйных санктуарыяў – удзельнікаў “марафону”. 31 мая Святы Айцец завершыць малітоўную ініцыятыву ля марыйнага алтара ў Ватыканскіх садах. СМІ Апостальскай Сталіцы правядуць трансляцыі абедзвюх падзей; яны будуць суправаджацца сурдаперакладам.
У марыйных санктуарыях будуць маліцца Ружанцам на мясцовай мове і ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі. За трансляцыямі набажэнстваў можна сачыць кожны дзень на афіцыйных каналах Апостальскай Сталіцы ў 18.00 па рымскім часе.