Мітрапаліт Палікарп у Францішка Мітрапаліт Палікарп у Францішка 

Праваслаўны Мітрапаліт у Папы: адзінства блізкае сваёй мэты

"Гэта была сустрэча сына з дарагім айцом, епіскапа з прымасам і патрыярхам", - такімі словамі новы праваслаўны Мітрапаліт Італіі апісаў аўдыенцыю ў Пантыфіка, якая прайшла 22 мая 2021 г.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Мітрапаліт Палікарп, які з'яўляецца прадстаўніком Патрыярха Канстантынопальскага ў Італіі, прызнаўся, што падчас сустрэчы ён папрасіў Францішка благаславіць яго на місію ў краіне.

Іерарх прызнаў, што агульнае імкненне католікаў і праваслаўных да адзінства непахіснае. Аднак ён папярэдзіў, што пагрозу тут могуць уяўляць рэлятывізм, абыякавасць і песімізм, выключна павярхоўнае, адміністрацыйна-інстытуцыйнае, бачанне адзінства. Імкненне да адзінства таксама можа быць аслаблена секулярызацыяй і геапалітычнымі гульнямі.

Царква з'яўляецца не інстытуцыяй гэтага свету, але містычным, Боска-чалавечым Целам Хрыста. Царква не падзеленая, падзеленыя хрысціяне, - звярнуў увагу Мітрапаліт Палікарп.

“Захапляе, наколькі шчырыя блізкасць, жэсты і ініцыятывы Папы Францішка і Патрыярха Барталамея. Ім чужыя ўсе свецкія аспекты, уся эфектнасць. У іх падобныя адчувальнасць і думкі. Яны ўсведамляюць, што павінны дзейнічаць разам на карысць нашага спакутаванага чалавецтва, якое ў апошні час закрануў яшчэ і эпідэмічны і эканамічны крызіс, выкліканы пандэміяй каронавіруса”, - заявіў Vatican News іерарх.

На думку прадстаўніка Канстантынопальскага Патрыярхату ў Італіі, католікі і праваслаўныя пастаянна знаходзяцца на шляху да адзінства, іх вядзе Дух Святы. Гэты шлях ужо дасягае сваёй мэты. “Думаю, што тычыцца Божага народа, мы ўжо дабраліся да месца прызначэння. І гэта нават больш важна, чым сітуацыя на інстытуцыйным узроўні", - лічыць Мітрапаліт Палікарп.
 

24 мая 2021, 12:42