Супольнасць Тэзэ зноў вітае моладзь пасля доўгага перапынку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вёска Тэзэ на поўдні Бургундыі стала сімвалам экуменічнага руху. Створаная ў 1940-х гадах, суполка – гэта месца, куды прыязджае моладзь з усяго свету. Тут ёй апякуюцца больш за 100 братоў з 25 краін. Сярод іх ёсць католікі і пратэстанты розных Цэркваў.
Некаторыя браты жывуць у невялікіх супольнасцях – брацтвах – у Азіі, Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы, дзеляць жыццё з бяздомнымі дзецьмі, зняволенымі, паміраючымі і адзінокімі. Браты Тэзэ бяруць на сябе абавязацельствы беднасці, бясшлюбнасці і паслухмянасці. Акрамя экуменізму, галоўным пунктам іх працы сёння з'яўляецца салідарнасць з беднымі і пазбаўленымі правоў у свеце.
Штогадова, асабліва ў летні перыяд, Тэзэ наведваюць тысячы пілігрымаў, якія жадаюць правесці час у цішыні і разважанні над Божым словам. У навагодні час Супольнасць арганізуе Еўрапейскія сустрэчы моладзі ў адным з буйных гарадоў кантынента.