Святая Зямля: Патрыярх наведаў католікаў у сектары Газа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Патрыярх Піцабала прыбыў у Газу 14 чэрвеня 2021 г. у суправаджэнні дапаможнага біскупа Джачынта-Буласа Маркуца. Падчас сваёй першай сустрэчы з невялікай супольнасцю іерарх раскрытыкаваў усе акты нянавісці і гвалту.
Сярод першых пунктаў парадку дня было наведванне школы сясцёр з Кангрэгацыі Святога Ружанца, пашкоджанай у выніку паветранага налёту падчас нядаўняга канфлікту паміж Ізраілем і палестынскім ХАМАС. Арцыбіскуп Піцабала таксама наведаў дом для дзяцей-інвалідаў і дом састарэлых, якім амаль 50 гадоў займаюцца Місіянеркі Любові, сёстры з кангрэгацыі Маці Тэрэзы з Калькуты.
Нядаўна Лацінскі Патрыярх звярнуўся да святароў і католікаў у сваёй дыяцэзіі з просьбай аб большых ахвярах на карысць хрысціян у сектары Газа.
Каталіцкая парафія Святой Сям'і ў Газе ўзнікла на месцы місійнага пункта, які ў 1897 г. заснаваў кс. Георг Гат, святар з Паўднёвага Ціроля і тагачасны віцэ-рэктар аўстрыйскага паломніцкага дома ў Іерусаліме. Паводле інфармацыі кс. Раманэлі, у цяперашні час у сектары Газа крыху больш за 1 тыс. хрысціян, у тым ліку 133 католікі.
Кампетэнцыя Лацінскага Патрыярхату ў Іерусаліме распаўсюджваецца на рыма-каталіцкіх вернікаў, якія пражываюць у Ізраілі, Іарданіі, на Кіпры і на палестынскіх тэрыторыях. 56-гадовы італьянскі францішканін, арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала быў прызначаны Лацінскім Патрыярхам у снежні 2020 г. Раней, з 2016 г., ён быў Апостальскім адміністратарам Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма.