11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

У розных кутках Беларусі адбыліся працэсіі Божага Цела. У многіх гарадах Эўхарыстычныя працэсіі прайшлі па цэнтральных вуліцах. Традыцыйна ў Іўі Гродзенскай дыяцэзіі чатыры алтары ўпрыгожылі вялікімі дыванамі з жывых кветак – на іх адлюстравалі эўхарыстычныя сімвалы і матывы. А ў Мінску 6 чэрвеня 2021 г. у агульнагарадской працэсіі, якая адбылася на прыкасцёльнай тэрыторыі парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) удзельнічалі тры біскупы і сотні вернікаў.

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч благаславіў копіі абразоў Маці Божай з васьмі найбольш вядомых Марыйных санктуарыяў Беларусі. 12 чэрвеня 2021 г. іконы скіруюцца ў перэгрынацыю ўздоў межаў Беларусі, суправаджаючы посную пілігрымку на аўтамабілях. Нагадаем, гэта ініцыятыва кс. Уладзіслава Завальнюка, пробашча парафіі св. Сымона і св. Алены. Пілігрымка праходзіць у інтэнцыі адбудовы пасля пажару базылікі Маці Божай Будслаўскай, а таксама з малітвай аб міры, адраджэнні веры і абароне ад каронавіруса.

10 чэрвеня 2021 г. у Віцебску прайшла XVII Міжнародная медыцынская канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Таксама ў сустрэчы ўдзельнічалі ўрачы, навукоўцы, праваслаўнае духавенства. Паводле прадстаўніка Папы, ад пандэміі пакутуе сям'я – яна з'яўляецца пунктам адліку, ядром чалавечага супольнасці. "Неабходны дыялог прадстаўнікоў Касцёла і медыцынскай супольнасці, паколькі чалавек – гэта агульнасць душы і цела", - зазначыў іерарх.

Месяц пасля пажару ў Будславе: у Нацыянальным санктуарыі працягваюцца работы па аднаўленні храма пасля пажару, які адбыўся тут 11 мая 2021 г. Цяпер завяршаюцца працы па мантажы часовага даху, а ў бліжэйшы час пачнецца ўмацаванне купалу – каб ліквідаваць пагрозу яго абвалу. Паводле апошняй апублікаванай інфармацыі, на аднаўленне святыні фізічныя і юрыдычныя асобы ахвяравалі ўжо каля 735 тыс. беларускіх рублёў. Таксама працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якая пройдзе 2-3 ліпеня.

У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне завяршылі трыццаць першы навучальны год. 10 чэрвеня 2021 г. Эўхарыстыю з гэтай нагоды ўзначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Казімір Велікаселец. Семінарысты дзякавалі Богу за чарговы год фармацыі, за ўсе дасягненні ў навуковай і духоўнай сферах, за ўсіх выкладчыкаў, якія стараліся перадаць ім як мага больш ведаў і дзяліліся жыццёвым досведам. Тым часам пачаўся набор кандыдатаў на 2021-2022 навучальны год.

Незвычайная фотавыстава, прысвечаная малітоўнікам, праходзіць у чэрвені ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. На ёй прадстаўлены здымкі фатографаў рознага ўзросту і з розных парафій Беларусі. Часта малітоўнікі набываюць асабліваю каштоўнасць, становяцца сведкамі развіцця адносін паміж чалавекам і Богам, пераходзяць ад бацькоў дзецям, ад бабуль і дзядуль – унукам. Некаторыя малітоўнікі – сапраўдныя сямейныя рэліквіі, з якімі звязаны цэлыя гісторыі. Убачыць іх можна на выставе.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, сatholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

12 чэрвеня 2021, 09:55