ЗША: епіскапат распрацуе дакумент аб Эўхарыстыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Рашэнне было прынята на пленарным пасяджэнні епіскапату, што праходзіла на гэтым тыдні, пасля шырокай і часам гарачай дыскусіі. Некаторыя іерархі выступілі супраць пачатку працы над дакументам, - паінфармавала агенцтва CNA. Рашэнне было прынята 168 галасамі супраць 55; шасцёра біскупаў устрымаліся.
Кіраваць працэсам распрацоўкі дакумента будзе Камісія веравучэння Канферэнцыі Біскупаў ЗША; у ім возьмуць удзел таксама іншыя камітэты епіскапату. Праект дакумента можа быць гатовы для абмеркавання, унясення паправак і галасавання да лістападаўскай асамблеі, запланаванай у Балтыморы.
Прапанаваны план дакумента, прадстаўлены дактрынальнай камісіяй, утрымлівае вучэнне Касцёла аб рэальнай прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі, разглядае тэму нядзелі як святога дня і Эўхарыстыі як ахвяры, звяртае ўвагу на годнае прыняцце св. Камуніі.
Вынікі галасавання па асобных пытаннях пасяджэння былі абвешчаныя ў 18 чэрвеня 2021 г. днём, у трэці і апошні дзень сустрэчы. Таксама біскупы ўхвалілі заяву на тэму душпастырства карэнных народаў, некалькі літургічных перакладаў і заяву аб душпастырстве сужэнстваў.