Кардынал Марыс П’ят Кардынал Марыс П’ят  

Маўрыкій: кардыналу П’яту – 80

Біскупу Сэнт-Луіса – сталіцы Маўрыкія – кардыналу Марысу П’яту 19 ліпеня 2021 г. споўнілася 80 гадоў, што пазбавіла яго права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У 1996-2002 і 2013-16 гг. іерарх быў старшынёй Канферэнцыі Біскупаў краін Індыйскага акіяна (у яе ўваходзяць іерархі з Каморскіх астравоў, Маўрыкія, Рэюньёна і Сейшэльскіх астравоў), з 2020 г. ён зноў узначальвае гэты орган. З 1 кастрычніка 2000 г. з'яўляецца членам Пастаяннага камітэта Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара.

У 2006 г. П’ят атрымаў Ганаровую прэмію свабоды горада Порт-Луі. У 2009 г. Прэзідэнт краіны сэр Аніруд Джагнот прызначыў яго Вялікім афіцэрам ордэна Зоркі і Ключа Індыйскага акіяна.

На кансісторыі 19 лістапада 2016 г. Францішак уключыў біскупа П’ята ў Калегію кардыналаў. Іерарх стаў другім, пасля кардынала Жана Маржо (у 1988 г.), грамадзянінам Маўрыкія, надзеленым гэтай годнасцю. 23 снежня 2017 г. Папа прызначыў яго членам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Кардынал з'яўляецца вялікім прыхільнікам і папулярызатарам дыялогу ўнутры грамадзянскай супольнасці і паміж рэлігіямі, піянерам аднаўлення парафіі праз базавыя парафіяльныя супольнасці, а таксама энтузіястам моладзевай фармацыі і евангелізацыі. У сваёй дыяцэзіі ён арганізоўваў мноства сустрэч з духавенствам і свецкімі вернікамі, пастаянна наведваў сельскія раёны і маўрыкійскія аставы Агалега і Радрыгес. 18 сакавіка 1997 г. ён склікаў трохгадовы Дыяцэзіяльны Сінод. Іерарх неаднаразова заклікаў суайчыннікаў розных рэлігій да братэрства і супрацоўніцтва на карысць краіны. Удзельнічаў у многіх важных касцёльных форумах, у тым ліку Сінодах Біскупаў.

У цяперашні час з 221 кардынала 123 маюць права выбару Пантыфіка на магчымым канклаве. 13 з іх прызначаў св. Ян Павел II, 39 – Бэнэдыкт XVI і 71 – Францішак.
 

19 ліпеня 2021, 13:02