Візіт Папы ў Славакію: ўмацаваць веру, аслабленую секулярызацыяй
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кс. Марцін Крамара звярнуў увагу на тое, што пасля камуністычнай эпохі прагрэсіўная секулярызацыя з'яўляецца адной з самых вялікіх праблем, якая стаіць перад Касцёлам у гэтай частцы Еўропы.
“Для нас панаванне камунізму было вельмі цяжкім перыядам, але ў той жа час людзі адчувалі моцную патрэбу заставацца вернымі Евангеллю і Святому Айцу, змагацца за сваю веру. Сёння, калі, як гэта ні парадаксальна, мы, нарэшце, маем свабоду і становімся багацейшымі з матэрыяльнага пункту гледжання, неяк складаней растлумачыць моладзі, чаму важна захоўваць свае карані, веру і жыць у адпаведнасці з ёй, а не прытрымлівацца выключна матэрыяльных рэчаў і абіраць спажывецтва ў якасці прыярытэту”, - заўважыў святар.
Да гэтага, паводле прадстаўніка славацкага епіскапату, дадаецца выклік індывідуалізму, тэндэнцыя забываць пра слабейшага. На жаль, калі жыццёвыя ўмовы паляпшаюцца, забываюцца пра тых, хто мае патрэбу, пра тых, хто застаўся ззаду.
Кс. Крамара паведаміў, што Папа наведае Браціславу і Кошыцы – сталіцы двух лацінскіх мітраполій, і Прэшаў – сядзібу грэка-каталіцкай мітраполіі. Асаблівай падзеяй стане ўдзел Францішка ў нацыянальнай пілігрымцы да марыйнага санктуарыя ў Шашціне, які некалі наведаў Ян Павел II.
“Гэта вельмі важнае паломніцтва для Касцёла ў Славакіі, які выжыў у камуністычныя часы, нягледзячы на тое, што рэжым быў супраць яго і імкнуўся яго ліквідаваць, як ліквідаваў дзейнасць усіх манаскіх кангрэгацый, але ў яго гэта не атрымалася, бо славакі захавалі веру. Да сённяшняга дня пілігрымка адбываецца 15 верасня, і папа Францішак возьме ў ёй удзел", - адзначыў прадстаўнік каталіцкага епіскапату Славакіі.