Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін у Манака: міласэрнасць патрэбна жыхарам Еўропы

19 ліпеня 2021 г. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці завяршыў трохдзённы візіт у Княства Манака. Ён быў звязаны з 40-годдзем устанаўлення мясцовага арцыбіскупства і падпісання пагаднення з Святым Пасадам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Мой візіт з'яўляецца заахвочваннем да больш інтэнсіўнай місіі Касцёла ў грамадстве, багатым і забяспечаным на гэтай зямлі, але тым, якое ўсё яшчэ мае патрэбу ў каштоўнасцях Евангелля", - адзначыў кардынал П'етра Паралін.

Візіт папскага пасланца пачаўся ўрачыстай Імшой у катэдры ў Манака, якая, як заўважыў іерарх, з’яўляецца сведчаннем глыбокіх каранёў хрысціянскай веры на гэтай зямлі. Дзяржаўны сакратар у гаміліі падкрэсліў, што хрысціяне пакліканы клапаціцца пра сваіх суайчыннікаў, асабліва бедных, адкінутых, мігрантаў, а таксама знясіленых духам – адзінокіх, раненых душой і сэрцам праз асабістыя няўдачы, адсутнасць адносін з сям'ёй і сябрамі, страту сэнсу жыцця.

“Хрысціянская міласэрнасць, якая ажыўляла і будавала Еўропу на працягу стагоддзяў, усё яшчэ патрэбна яе жыхарам”

, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Кардынл Паралін таксама сустрэўся з прадстаўнікамі духавенства, каталіцкіх рухаў і аб'яднанняў. Ён падкрэсліў надзённую неабходнасць прапаведаваць веру, міласэрнасць, дапамагаць сям'ям і клапаціцца пра стварэнне. Іерарх таксама звярнуў увагу на недапушчальнасць дамінавання нездаровага секулярызму, які выключае рэлігію з грамадскага жыцця. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на добры прыклад будавання адносін паміж дзяржавай і Касцёлам у Княстве Манака, што адбываецца з захаваннем неабходнай аўтаноміі.

У інтэрв’ю Vatican News Дзяржсакратар адзначыў, што яго візітам папа Францішак пажадаў выказаць сваю блізкасць да жыхароў Манака, як гэта адбываецца падчас апостальскіх падарожжаў.

“Візіты, якія рэалізую, з’яўляюцца, перш за ўсё, заахвочваннем працягваць шлях Евангелля, нягледзячы на існуючыя цяжкасці. Цяжкасці, якія, на маю думку, адчувае таксама і Касцёл у Манака. Ён тэрытарыяльна невялікі, але важны. Нават калі тут існуюць добрыя адносіны з дзяржавай, з іншага боку, грамадства, як правіла, усё больш дэхрысціянізуецца, адыходзіць ад прынцыпаў веры. Таму мая прысутнасць ад імя Папы – гэта свайго роду заклік: ідзіце наперад і працягвайце выконваць сваю місію ў рэчаіснасці, якая адрозніваецца ад іншых, магчыма, багацейшай і лепшай, але той, якая менавіта па гэтай прычыне мае патрэбу ў евангельскіх каштоўнасцях.

Кардынал Паралін нагадаў, што Княства Манака – адна з нямногіх краін, якая прызнае каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. Тут таксама паважаюць рэлігійную свабоду і высока ацэньваюць уклад рэлігіі ў грамадскае жыццё. "У той час, калі ўсё больш людзей спрабуюць перанесці рэлігійны аспект у прыватную сферу і супрацьпаставіць рэлігію грамадскаму жыццю, гэта вельмі важна", - падкрэсліў Дзяржсакратар Яго Святасці.
 

20 ліпеня 2021, 11:42