Сімвалы Сусветных дзён моладзі – у Анголе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Крыж і выява Багародзіцы вандруюць па дыяцэзіях Анголы з чацвярга, 8 ліпеня 2021 г. У мерапрыемствах прымае ўдзел моладзь і духавенства. Як абвясціла мясцовая Канферэнцыя Біскупаў, сімвалы найбуйнейшай у свеце падзеі для маладых католікаў будуць падарожнічаць па дыяцэзіях Луанда, Сумбэ, Бэнгэла, Уамбо, Віяна і Качыта.
Касцёльныя ўлады Анголы разлічваюць на тое, што іх краіну на Сусветных днях будзе прадстаўляць у тым ліку і вялікая група маладых ангольскіх эмігрантаў, якія пражываюць у Партугаліі.
Ініцыяваныя ў 1980-х Янам Паўлам ІІ Сусветныя дні моладзі праводзяцца раз на некалькі гадоў. Маладыя людзі з усяго свету праводзяць час разам, молячыся і беручы ўдзел у тэматычных сустрэчах. У мерапрыемстве таксама прымаюць удзел Папа, біскупы і духавенства.