2021.04.24 Tydzien_Belarus 2021.04.24 Tydzien_Belarus 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

У Пінску і Мінску ўшанавалі памяць кардынала Казіміра Свёнтка. У 10-ю гадавіну смерці кардынала ў катэдрах гэтых гарадоў 21 ліпеня 2021 г. адбыліся св. Імшы. У пінскай базыліцы цэлебрацыю ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка разам з іншымі іерархамі. У катэдру прыбылі шматлікія вернікі з парафій Пінскай дыяцэзіі і суседніх рэгіёнаў. А ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў дзень адыходу ў вечнасць першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Менавіта ён 30 гадоў таму ўдзяліў Казіміру Свёнтку біскупскае пасвячэнне. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх вызначыў галоўную рысу Сведкі веры і жывога мучаніка кардынала Казіміра Свёнтка – "не баяцца зла, бо з намі Бог".

Прадстаўлена справаздача па выніках абследавання стану будслаўскай базылікі пасля пажару, які здарыўся ў Нацыянальным санктуарыі 11 мая 2021 г.. Па 20 ліпеня на аднаўленне святыні сабралі звыш 963 тыс. рублёў, з якіх больш за палову складае спонсарская дапамога юрыдычных асоб. З сабранай сумы давялося выдаткаваць ужо звыш 558 тыс. рублёў. У бліжэйшы час спатрэбяцца яшчэ каля 150 тыс. рублёў. Найбольшыя выдаткі – 470 751 руб. – аванс падраднай арганізацыі. Па выніках завершанага абследавання будынку касцёла спецыялісты адзначылі, што ад уздзеяння высокіх тэмператур найбольш пацярпелі цагляныя канструкцыі купала цэнтральнага нэфа. Тэхнічны стан купала прызнаны аварыйным, расколіны ў ім павялічваюцца і таму патрэбна ўсталяванне страховачных канструкцый і ўмацаванне.

У санктуарыі ў Гудагаі завяршыліся адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Сёлета ў іх удзельнічала некалькі тысяч чалавек. Галоўную адпустовую Імшу, якая завяршыла ўрачыстасці 18 ліпеня 2021 г., узначаліў старшыня епіскапату Беларусі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. А напярэдадні адбылася начная працэсія святла з паходнямі і цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай, які захоўваецца ў гудагайскім санктуарыі. У працэсіі разам са шматлікімі вернікамі таксама ўдзельнічалі біскупы.

Па выніках першага туру ўступнага экзамену ў семінарыю ў Гродне залічаны новыя кандыдаты. Іспыт прайшоў 19 ліпеня 2021 г. у Мінску. Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл. Акрамя таго, маладым людзям трэба было растлумачыць матывы свайго выбару ісці за Хрыстом, які кліча іх да працы ў Яго аўчарні ў якасці святароў. Па выніках экзамену семінарыстамі сталі трое кандыдатаў з Гродзенскай дыяцэзіі.

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў са зваротам аб падтрымцы пацярпелых ад стыхійных бедстваў у Польшчы, Германіі, Нідэрландах і Бельгіі. Ён заахвоціў у бліжэйшую нядзелю асаблівым чынам памятаць пра пацярпелых ад стыхіі і падчас кожнай св. Імшы ў гэты дзень маліцца за іх, асабліва ў малітве вернікаў. Акрамя таго, па меры магчымасці, – арганізаваць сярод вернікаў збор ахвяраванняў, якія будуць перададзеныя патрабуючым праз беларускі Caritas.

Каталіцкі святар у Іўі павіншаваў мусульман з адным з галоўных ісламскіх свят – Курбан-байрамам. 20 ліпеня 2021 г. на малітву ў мячэці запрасілі вікарыя парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі кс. Дзяніса Бразінскага. Ён выказаў мусульманам словы шчырых віншаванняў ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці. Дарэчы, мусульмане жывуць у Іўі ўжо 600 гадоў. За гэты час католікі і татары маюць супольную гісторыю.

Працягваецца падрыхтоўка пляцоўкі для правядзення Хрысціянскага фестывалю-рэкалекцый Novafest ва Уселюбе. Нагадаем, фестываль адбудзецца 21 жніўня 2021 г., і арганізатары запрашаюць кожнага далучыцца да праслаўлення Бога ў Тройцы Адзінага, стаць часткай гэтага праслаўлення, бо галоўная мэта фестывалю – паглыбіць духоўнае перажыванне прысутнасці Жывога Бога ў жыцці кожнага. Для ўдзелу ў фестывалі абавязкова рэгістрацыя, нагадваюць арганізатары.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 ліпеня 2021, 09:51