Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Два новыя храмы пасвяцілі ў Беларусі. У Барысаве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 14 жніўня 2021 г. здзейсніў пасвячэнне новазбудаванага касцёла Спаслання Духа Святога. Вернікі маладой супольнасці чакалі гэтай падзеі больш за дзесяць гадоў – да гэтага часу тут існаваў толькі адзін каталіцкі храм. А назаўтра біскуп Юрый Касабуцкі пасвяціў касцёл у Старых Дарогах – першую ў гісторыі горада каталіцкую святыню. Іерарх пажадаў, каб новы касцёл Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі быў не толькі жамчужынай звонку, але жамчужынай духоўнай, у якой чалавек будзе сустракаць любячага міласэрнага Бога.
Адпустовую ўрачыстасць у магілёўскай катэдры адзначылі з удзелам біскупа Алега Буткевіча. Старшыня епіскапату наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава 15 жніўня 2021 г. Іерарх нагадаў, што мы ўсе – толькі пілігрымы, якія крочаць да дому, які знаходзіцца на вышынях. "У жыцці важна імкнуцца да вялікіх мэт, інакш можна згубіцца сярод мноства дробязей. У кожным з нас Пан Бог здзяйсняе вялікія справы", - натхніў біскуп Буткевіч. Цэлебрацыя сабрала ў галоўнай святыні абласнога цэнтра шматлікіх вернікаў, кансэкраваных асоб і святароў з розных куткоў Магілёўшчыны, браў удзел таксама біскуп Аляксандр Яшэўскі.
У Беларусі распачаліся мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя Легіёна Марыі. 13-14 жніўня 2021 г. у Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для ўдзельнікаў гэтага каталіцкага руху. Створаны на пачатку ХХ стагоддзя ў Ірландыі як своеасаблівая форма апостальства і евангелізацыі, Легіён Марыі ўжо трэцяе дзесяцігоддзе дзейнічае таксама ў Беларусі. Першая супольнасць руху ў краіне была створана ў 1994 г. менавіта ў Баранавічах – пры касцёле Маці Божай Фацімскай.
Яшчэ адзін векавы юбілей – Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса – адзначылі на Гродзеншчыне з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча. 14 жніўня 2021 г. у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах на ўрачыстай Імшы падзякі сабраліся ўсе сёстры кармэліткі, якія служаць у Беларусі. Гродзенскі пастыр пажадаў законніцам працягваць рабіць дабро ўсім тым, каго Бог штодня ставіць на іх шляху. Сёння ў Беларусі тры кляштары кангрэгацыі: у Адамавічах, Гудагаі і Брэсце. У краіне служаць адзінаццаць сясцёр, прычым усе яны мясцовыя. Яшчэ дзве сястры з Беларусі нясуць служэнне ў Польшчы.
Фестываль хрысціянскай музыкі ўпершыню прайшоў на Глыбоччыне. 14 жніўня 2021 г. пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле сабралася моладзь з Віцебска, Мінска, Брэста, Варапаева, Браслава, Полацка, Падсвілля. Праграма ўключала св. Імшу, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, духоўныя разважанні, а таксама музычна-забаўляльную частку.
На аднаўленне пасля пажару Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе сабрана звыш 1 млн рублёў. Будаўнічыя працы ўжо пачаліся: прыбыла першая партыя металу, устаноўлены рыштаванні і вежавы кран. Нагадаем, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які пацярпеў ад пажару 11 мая 2021 г., трэба пабудаваць новы дах і ўмацаваць купал, а таксама выканаць іншыя работы. Ужо сабранай сумы не дастаткова для фінансавання ўсіх выдаткаў.
У Мінску адбылося пленарнае пасяджэнне працоўнай групы па пытанні перавыдання Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Наклад з 2004 г. ужо вычарпаны. Пасяджэнне 17 жніўня 2021 г. узначаліў старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Канкрэтныя прапановы будуць прадстаўленыя на бліжэйшым пасяджэнні біскупскай канферэнцыі.
У санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе 20-21 жніўня 2021 г. праходзяць традыцыйныя ўрачыстасці. Зноў адбылася працэсія з копіяй цудадзейнага абраза вакол Замкавай гары, якую летась не ладзілі з прычыны пандэміі. Праграма ўключае таксама ружанцовую малітву, св. Імшу з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, вечар арганнай музыкі, набажэнства ў гонар Маці Божай ва ўсходнім абрадзе. У тыя ж даты ў мястэчку Лагішын, што на Піншчыне, ладзяць традыцыйныя адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі.
Вернікі дапамаглі беларускаму прадстаўніцтву каталіцкага Радыё Марыя фінансава. Рэдакцыя звярнулася з просьбай аб дапамозе і ўжо праз тыдзень неабходная сума была сабрана – на патрэбы СМІ пералічылі больш за 7 тыс. рублёў. Больш за 180 чалавек ужо адгукнуліся, і ахвяраванні яшчэ прыходзяць на рахунак. У паведамленні адзначаецца, што дзякуючы клопату вернікаў радыё можа выплаціць заробкі супрацоўнікам, падаткі і неабходныя адлічэнні, таксама засталіся сродкі на арэнду памяшкання.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.