Апостальскі нунцый у ЗША: Эўхарыстыя і пакаянне непадзельныя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У рамках дыскусіі на тэму Камунія, католікі і грамадскае жыццё Апостальскі нунцый у Злучаных Штатах, арцыбіскуп Крыстафер П'ер звярнуў увагу на патрэбу інтэгральнага разгляду сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі. Як ён адзначыў, мэтай распрацоўкі Дакумента павінен быць клопат аб збаўленні душ.
“Зыходны пункт – гэта не імкненне асароміць слабых, але прапанова Таго, Хто можа ўмацаваць нас, каб пераадолець нашы слабасці, асабліва праз сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Ён падкрэсліў, што трэба прыкласці ўсе намаганні, каб пазбегнуць ідэалагічнай вайны.
Дакумент аб Эўхарыстыі, які ствараецца па ініцыятыве амерыканскага епіскапату, павінен, між іншым, дапамагчы католікам, якіх непакоіць факт прыняцця св. Камуніі палітыкамі, што падтрымліваюць супярэчлівыя з пункту гледжання вучэння Касцёла ініцыятывы. Біскупская канферэнцыя ЗША пачала працу над тэкстам неўзабаве пасля абрання Джо Байдэна, які ставіць пад сумнеў пазіцыю Касцёла адносна абортаў і сужэнства.
Некаторыя іерархі крытычна выказваюцца пра змест заявы. Некаторыя сцвярджаюць, што дыскусія па праблеме "эўхарыстычнага адзінства" можа мець выразна палітычнае адценне ў кантэксце апошніх змен у Белым доме. Кардынал Джозэф Тобін, які з'яўляецца членам Кангрэгацыі па справах біскупаў і Вышэйшага трыбунала Апостальскай сігнатуры, выказаў упэўненасць у неабходнасці шырокай дыскусіі па разуменні Эўхарыстыі ў Касцёле ў ЗША.