Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Філіпіны: дэкларацыя аб узаемным прызнанні хросту

У рамках святкавання 500-годдзя пачатку евангелізацыі Філіпін было падпісана пагадненне аб узаемным прызнанні хросту паміж Каталіцкім і Незалежным Філіпінскім Касцёламі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У дакуменце, падпісаным 3 жніўня 2021 г., таксама згадваецца экуменічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма канфесіямі.

Незалежны Філіпінскі Касцёл (IFI), да якога належыць каля 7% жыхароў краіны (каля 8 мільёнаў), з'яўляецца другой – пасля католікаў – канфесіяй на Філіпінах. У яго складзе 47 дыяцэзій, у тым ліку філіпінскія мігранты з ЗША і Канады.

Стварэнне супольнасці ў 1902 г. стала палітычным, а не рэлігійным актам. Гэта адбылося падчас барацьбы за незалежнасць Філіпін супраць каланіяльнага панавання Іспаніі і ЗША. У пагадненні адзначаецца, што стварэнне Незалежнага Філіпінскага Касцёла было накіравана не супраць Каталіцкага Касцёла, а стала пратэстам супраць пастаяннага "панавання іспанскіх біскупаў і святароў у дыяцэзіях і парафіях".

З тых часоў Незалежны Філіпінскі Касцёл развіваўся: ён падпісаў пагадненне аб асацыяцыі з пратэстанцкай Аб'яднанай Царквой Хрыста, уступіў у поўную камунію з Англіканскай і Старакаталіцкай Цэрквамі, а таксама Лютэранскай Царквой Швецыі, стаў членам Нацыянальнай рады Цэркваў Філіпін і Сусветнай рады Цэркваў. Сярод яго духавенства ёсць жанчыны.

Прызнанне хросту ў Незалежным Філіпінскім Касцёле стала магчымым дзякуючы трынітарнай формуле, якую там выкарыстоўваюць. У якасці сведак дэкларацыю падпісалі іерархі Епіскапальнай Царквы. Каталіцкі Касцёл і Епіскапальная Царква Філіпін узаемна прызнаюць хрост з 1980 г.

Да Каталіцкага Касцёла належаць больш за 80% жыхароў Філіпін.
 

11 жніўня 2021, 12:39