Кардынал Сара да моладзі: Эўхарыстыя – лек для душы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы прыбылі сюды, каб аднавіць нашу веру з Езуса Хрыста, нашага Адкупіцеля, а гэта значыць устанавіць сапраўдную і жыццёвую лучнасць з Ім”, - сказаў ва ўступе да гаміліі былы прэфект Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў. Іерарх заклікаў моладзь задумацца пра тое, якое месца Езус займае ў іх жыцці.
“Мы адчулі патрэбу вырушыць у гэту пілігрымку, падобную на духоўную трэніроўку, бо, жывучы зануранымі ў свет, які намагаецца жыць без Бога, мы прагнем сустрэцца з Ім. Мы прыйшлі сюды, каб “падзарадзіць нашы батарэі”, лепш жыць у Яго прысутнасці і быць здольнымі сведчыць аб ззянні Праўды і Божай міласэрнасці”, - сказаў кардынал.
Іерарх нагадаў юнакам і дзяўчатам пра тое, што Бог ведае людскія сэрцы і прагне адказаць на іх самыя глыбокія памкненні, на “голад любові і прагу Абсалюта, якія нас непакояць”. Кардынал Сара падкрэсліў, што “найлепшым лекам” ад смяротнай хваробы душы з’яўляецца Хлеб Жыцця – Найсвяцейшая Эўхарыстыя.
Праграма Фестываля моладзі ў Меджугор’і ўключае ў сябе штодзённую малітву, св. Імшу і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, спевы, катэхезы, сведчанні, прагляд рэлігійных фільмаў. Да ўдзельнікаў форума скіраваў пасланне папа Францішак, заклікаючы юнакоў і дзяўчат не баяцца ісці за Хрыстом, наследуючы прыклад Багародзіцы.