Францыя: малітва Касцёла за загінулага святара
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Трагедыя здарылася 9 жніўня 2021 г. у невялікім горадзе Сэн-Ларан-Сюр-Сэўр на захадзе Францыі. Аб забойстве святара паведаміў сам злачынца, які добраахвотна прыйшоў у паліцэйскі пастарунак. Ім аказаўся 40-гадовы грамадзянін Руанды, які з’яўляецца таксама галоўным падазраваным у наўмысным падпале катэдральнага касцёла ў Нанце ў ліпені 2020 г. Некалькі месяцаў таму ён быў вызвалены з-пад арышту і знаходзіўся пад наглядам паліцыі ў чаканні суда. Дах над галавой яму прадставіла манаская супольнасць, у якой служыў загінулы святар. Следчыя выключаюць матывы, звязаныя з тэрарызмам. Па словах адваката, абвінавачаны з’яўляецца “фізічна і псіхічна ўразлівай асобай”.
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор, выказаў свой смутак і блізкасць усяго Касцёла сваякам а. Аліўе Мэра і законнікам з яго Кангрэгацыі. “Ён жыў, ідучы за Хрыстом да канца, у безумоўным прыняцці ўсіх. Я малюся за яго сям’ю, сабратоў, за ўсіх, каго ўзрушыла гэта трагедыя, а таксама за яго забойцу”, - напісаў іерарх у Твітэр.
Генеральны настаяцель Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў Манфартанаў, а. Санціна Брэмбліла, назваў загінулага “каштоўным законнікам, святаром і місіянерам, спецыялістам па манфартанскай духоўнасці, які суправаджаў сваю супольнасць з глыбокім разуменнем паслання іх заснавальніка Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора”.
Спачуванні ў сувязі з гібеллю святара выказалі таксама Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і Прэм’ер-міністр Жан Кастэкс. Месца трагедыі наведаў Міністр унутраных спраў Жэральд Дарманэн, які заявіў, што “спагнаць злосць на святары, на чалавеку Касцёла, значыць спагнаць злосць на душы Францыі”.