Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францыя: малітва Касцёла за загінулага святара

Касцёл у Францыі засмучаны трагічнай гібеллю 60-гадовага святара, а. Аліўе Мэра, правінцыяла Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў Манфартанаў, вядомага сваёй шчодрасцю і чалавечнасцю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Трагедыя здарылася 9 жніўня 2021 г. у невялікім горадзе Сэн-Ларан-Сюр-Сэўр на захадзе Францыі. Аб забойстве святара паведаміў сам злачынца, які добраахвотна прыйшоў у паліцэйскі пастарунак. Ім аказаўся 40-гадовы грамадзянін Руанды, які з’яўляецца таксама галоўным падазраваным у наўмысным падпале катэдральнага касцёла ў Нанце ў ліпені 2020 г. Некалькі месяцаў таму ён быў вызвалены з-пад арышту і знаходзіўся пад наглядам паліцыі ў чаканні суда. Дах над галавой яму прадставіла манаская супольнасць, у якой служыў загінулы святар. Следчыя выключаюць матывы, звязаныя з тэрарызмам. Па словах адваката, абвінавачаны з’яўляецца “фізічна і псіхічна ўразлівай асобай”.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор, выказаў свой смутак і блізкасць усяго Касцёла сваякам а. Аліўе Мэра і законнікам з яго Кангрэгацыі. “Ён жыў, ідучы за Хрыстом да канца, у безумоўным прыняцці ўсіх. Я малюся за яго сям’ю, сабратоў, за ўсіх, каго ўзрушыла гэта трагедыя, а таксама за яго забойцу”, - напісаў іерарх у Твітэр.

Генеральны настаяцель Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў Манфартанаў, а. Санціна Брэмбліла, назваў загінулага “каштоўным законнікам, святаром і місіянерам, спецыялістам па манфартанскай духоўнасці, які суправаджаў сваю супольнасць з глыбокім разуменнем паслання іх заснавальніка Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора”.

Спачуванні ў сувязі з гібеллю святара выказалі таксама Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і Прэм’ер-міністр Жан Кастэкс. Месца трагедыі наведаў Міністр унутраных спраў Жэральд Дарманэн, які заявіў, што “спагнаць злосць на святары, на чалавеку Касцёла, значыць спагнаць злосць на душы Францыі”.
 

10 жніўня 2021, 10:59