Касцёл у Сектары Газа раздзяляе цяжкасці насельніцтва
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ізраіль абвясціў аб новым механізме размеркавання гуманітарнай дапамогі, якую Катар аказвае Сектару Газа. Раней грошы пастаўляліся наяўнымі праз пераход, які кантралюе Ізраіль. У маі гэты канал быў перакрыты, каб сродкі не траплялі ў рукі Хамас. Абмежавальныя меры, аднак, абцяжарылі і без таго складаную гуманітарную сітуацыю ў рэгіёне. Каб пераадолець яе, Ізраіль і Катар дамовіліся размяркоўваць сродкі пры пасярэдніцтве ААН. Яны будуць трапляць непасрэдна на банкаўскія рахункі сем’яў у Газе, а кантраляваць пераводы будуць ізраільскія органы, каб грошы накіроўваліся выключна людзям у патрэбе.
“Такія пагадненні патрэбныя, каб Газа не заставалася ізаляванай. Дванаццаць гадоў эмбарга прывялі да пэўнага роду “усеагульнага пакарання”, - сказаў у інтэрв’ю Vatican News кс. Раманэлі. На яго думку, дамова з’яўляецца крокам наперад у тым, каб “Газа магла функцыянаваць як Заходні бераг ракі Іардан, і як частка Палестыны магла ўключыцца ў супольнасць народаў”.
Святар назваў трагічнай гуманітарную сітуацыю ў рэгіёне, дзе ўзровень беспрацоўя складае каля 50%. На яго думку, насельніцтва Газы не будзе мець надзеі, пакуль не наступяць мір і справядлівасць. У сваю чаргу невялікая хрысціянская супольнасць раздзяляе цяжкасці са сваімі суайчыннікамі мусульманскага веравызнання. Мясцовы Касцёл, праз Caritas, школы і парафіяльныя структуры, імкнецца падтрымліваць людзей, у першую чаргу сем’і, дзяцей і моладзь, - падзяліўся кс. Габрыэль Раманэлі.