Каталіцкія манахіні застаюцца ў Кабуле: мы тут вельмі патрэбны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У той час як амерыканскія войскі пакідаюць Афганістан, у гэту краіну прыбыла чарговая каталіцкая законніца. Яна будзе працаваць у адзіным у гэтай краіне цэнтры для дзяцей-інвалідаў. Структура належыць асацыяцыі Pro bambini di Kabul (Кабульскім дзецям), заснавай ў 2004 г. у адказ на заклік св. Яна Паўла ІІ дапамагчы самым маладым афганцам. Чатырнаццаць розных манаскіх супольнасцей пажадалі ўдзельнічаць у праекце і па чарзе працуюць там.
“Пасля зыходу заходніх войскаў вяртанне Талібана да ўлады становіцца ўсё больш і больш верагодным. Мы баімся за нашу будучыню, але не адмовімся ад сваіх абавязацельстваў”, - распавяла агенцтву AsiaNews с. Тэрэзія Краста, індыйская манахіня, якая кіруе дабрачыннай структурай.
Цэнтр штодзённа дапамагае 50-ці дзецям з інваліднасцю ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Большасць з іх паходзіць з вельмі бедных сем’яў, якія нават не могуць забяспечыць іх прадуктамі харчавання, не кажучы пра доступ да медыцынскіх паслуг і адукацыі. Увесь персанал структуры складаецца з афганцаў.
Па прычыне пандэміі цэнтр пэўны час не дзейнічаў, але потым манахіні пачалі аказваць дапамогу дзецям прадуктамі харчавання, якія прыносілі ім дамой. Нягледзячы на нестабільную сітуацыю ў Афганістане ў новым вучэбным годзе яны намераны прыняць у цэнтр яшчэ больш дзяцей, бо “патрэбы вялікія, а дзецям з інваліднасцю тут ніхто не дапамагае”.
Законніцы заўважылі, што прапаведваюць Евангелле без слоў. “Па-за домам мы не можам вызнаваць Хрыста, але ўсе ведаюць, што мы хрысціяне, і цэняць тое, што мы робім для людзей у патрэбе”, - заўважыла с. Шахназ Бхаці з Пакістана. Манахіні падкрэсліваюць, што давяраюць сваю будучыню Богу і не намераны адмаўляцца ад дзяцей, якія падтрабуюць дапамогі.