Спачуванні Папы пасля смерці кардынала Эдуарда Марцінэса Самала
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак у спачувальнай тэлеграме адзначыў “духоўна плённае сведчанне” нябожчыка і яго “доўгі і багаты вопыт” служэння ў якасці руплівага супрацоўніка шасці яго папярэднікаў, якія даручалі кардыналу “далікатныя і важныя пасады”. “Дзякую Пану за яго вернае і шчодрае служэнне Касцёлу і Святому Пасаду”, - напісаў Пантыфік, давяраючы памерлага заступніцтву Багародзіцы.
Святы Айцец наведаў кардынала ў мінулую сераду.
Пурпурат у ліпені пераадолеў сардэчна-сасудзісты крызіс і вярнуўся дадому ў Рым. Яго цела перавязуць у родны горад Баньёс-дэ-Рыа-Тобія ў Іспаніі, дзе адбудзецца пахаванне.
Самала пачаў працаваць у Дзяржаўным сакратарыяце Святога Пасаду ў красавіку 1956 г. У лістападзе 1975 г. Павел VI надаў яму годнасць арцыбіскупа і накіраваў у якасці Апостальскага нунцыя ў Калумбію. У маі 1979 г. Ян Павел II прызначыў яго Субстытутам Дзяржаўнага сакратарыята, а падчас кансісторыя 28 чэрвеня 1988 г. уключыў у Калегію кардыналаў. Затым іерарх займаў шэраг іншых важных пасад у Рымскай курыі, у тым ліку быў прэфектам Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў (1988-91 гг.) і Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця (1991-2004 гг.). У 1993 г. ён стаў камерленга Святога Рымскага Касцёла і ў гэтай якасці кіраваў Касцёлам пасля смерці Яна Паўла II – 2 красавіка 2005 г. Сышоў з пасады ва ўзросце 80 гадоў – 4 красавіка 2007 г.
Пасля смерці кардынала Эдуарда Марцінэса Самала Калегія кардыналаў налічвае 219 іерархаў, з якіх 123 маюць права ўдзелу ў магчымым канклаве.