Арцыбіскуп Жан-Клод Олерыш Арцыбіскуп Жан-Клод Олерыш 

Старшыня COMECE: мне балюча бачыць як адносяцца да афганцаў

Стварэнне гуманітарных калідораў для афганскіх бежанцаў – гэта “адзінае рашэнне, якое функцыянуе”, - лічыць старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Адзінае, што мы зараз абмяркоўваем, гэта тое, што зрабіць, каб не мець вялікай колькасці бежанцаў, а не тое, як дапамагчы гэтым людзям. Такія паводзіны выклікаюць у мяне сорам”, - сказаў у інтэрв’ю агенцтву SIR арцыбіскуп Люксембурга Жан-Клод Олерыш.

Іерарх заклікаў палітыкаў краін ЕС кіравацца сумленнем і дзейнічаць на карысць жыхароў Афганістана, якія пакідаюць сваю краіну. “Змясціць гэтых людзей у лагерах для бежанцаў, гэта як асудзіць іх на роспач”, - сказаў ён. На думку арцыбіскупа, адзіным выйсцем з сітуацыі з’яўляецца стварэнне гуманітарных калідораў.

“Мы бачым вельмі моцныя кадры, ад якіх у мяне баліць сэрца. Мне балюча бачыць, як адносяцца да гэтых людзей. Мы далі надзею гэтаму народу, а зараз пакідаем яго ў дантаўскім пекле. Я адчуваю сорам. Сорам за Еўропу і Захад. Мы шмат кажам пра каштоўнасці, але дзе нашы каштоўнасці ў Афганістане зараз?”, - спытаў старшыня COMECE.

Адказваючы на пытанне пра тое, які ўрок неабходна зрабіць з сітуацыі ў Афганістане, арцыбіскуп Олерыш, заўважыў, што Захад павінен прыняць той факт, што больш не з’яўляецца адзінай сусветнай сілай і дзейнічаць больш разважліва. “Мы дзейнічалі толькі ў імя эканамічных каштоўнасцей, а не на карысць людзей. Была адсутнасць палітычнай адказнасці. Зараз нам трэба запоўніць гэту пустату”, - дадаў ён.

Іерарх крытычна выказаўся таксама пра будаванне памежных сцен, якія павінны спыніць міграцыйныя патокі, і пра ўсё больш і больш распаўсюджанае выкарыстанне тэрміну “нелегальныя мігранты” у адносінах да бежанцаў і асобаў, якія просяць прытулку ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй.
 

24 жніўня 2021, 12:08