Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Памяць адзінаццаці назарэтанак з Навагрудка ўшанавалі на месцы іх расстрэлу. 31 ліпеня 2021 г. у Батароўскім лесе, дзе 78 гадоў таму ў час вайны былі расстраляны законніцы з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сабраліся на малітве пілігрымы. Прысутныя дзякавалі за дар благаслаўлёных мучаніц, праз іх заступніцтва прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў. Эўхарыстыю ўзначаліў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Дарэчы, у ноч на 1 жніўня 2021 г. у касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку, які абвешчаны санктуарыем благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц, адбылося малітоўнае чуванне ў інтэнцыі сем’яў.
Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка заклікаў вернікаў Пінскай дыяцэзіі да малітвы аб цвярозасці на працягу жніўня. Паводле іерарха, да найбольш частых сучасных залежнасцяў адносяцца алкагалізм, курэнне, працагалізм, наркаманія, лекаманія, сексуальная залежнасць, прывязанасць да азартных гульняў і адхіленні ў харчаванні. Залежнасці знішчаюць чалавечае жыццё, канстатаваў пінскі ардынарый. Паводле яго, “для веруючых людзей вельмі важнай тэрапіяй з’яўляецца малітва за залежных асобаў, а таксама гатоўнасць вырушыць разам з імі ў супольны шлях аздараўлення на розных узроўнях нашага жыцця і адносінаў”. Іерарх благаславіў усіх, хто на працягу жніўня, а таксама ў іншы час, адважыцца на ўстрыманне ад усяго, што пагражае залежнасцю.
Каталіцкае “Радыё Марыя” ў Беларусі мае патрэбу ў фінансавай дапамозе. Радыёстанцыя паведаміла, што “моцна пакутуе фiнансава”. Як адзначаецца ў апублікаванай радыё інфармацыі, нягледзячы на сезон адпачынкаў і агульную сітуацыю, радыёстанцыі “нельга спыніцца”. Таму там просяць кожнага па меры магчымасці дапамагчы радыё “ўтрымацца, не патануць, не быць кінутым сам-насам з цяжкай ношай фінансавых абавязкаў”. Зрабіць ахвяраванне прасцей за ўсё праз сістэму АРІП (ЕРИП).
На ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Кангрэгацкай 5 жніўня 2021 г. у гродзенскай катэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Эўхарыстыю. У гаміліі ён заклікаў паставіць у цэнтр жыцця “не свае асабістыя амбіцыі, не імкненне да ўлады, матэрыяльных багаццяў, задавальненняў, а ніколі не заходзячае сонца Езуса Хрыста”. Паводле іерарха, толькі Пан “спасылае нам прамяні святла любові, толькі Ён можа дапамагчы вырашыць нашыя праблемы”. Арцыбіскуп звярнуўся да Маці Божай Кангрэгацкай, просячы, каб Яна дапамагла прыняць заўсёды актуальнае і дзейснае слова Яе Сына, якое “з’яўляецца самай дасканалай канстытуцыяй, каб мы, жывучы паводле яе, будавалі новую, напоўненую ўзаемнай любоўю і пашанай мірную і шчаслівую Беларусь”.
Летнiя “Канікулы з Богам” прайшлi для дзяцей i падлеткаў у мінскім араторыi імя св. Яна Боска. На працягу пяцi дзён дзеці разам з аніматарамі знаёміліся з дзяцінствам заснавальніка салезіянаў, прымалі ўдзел у тэатральных сцэнках аб ранніх гадах жыцця святога. У праграме адпачынку было шмат малітвы, гульняў, працы ў групах, удзелу ў майстар-класах і нават сустрэча з эколагамі.
У Будславе завяршаюцца падрыхтоўчыя работы ля будынка Нацыянальнага санктуарыя, які быў пашкоджаны пажарам. Выкладзены дарожныя пліты, прыбыла першая партыя металу. У найбліжэйшыя дні чакаецца прыбыццё будаўнічых лясоў і ўстаноўка вежавага крана. У пашпарце аб’екта, які з’явіўся ля касцёла, пазначана, што работы павінны завяршыцца 30 верасня 2021 г. Аднаўленнем храма займаецца арганізацыя “Прамтэхмантаж”. “Рамонтна-будаўнічыя мерапрыемствы” будуць уключаць аднаўленне, паляпшэнне, а таксама замену асобных канструкцый, дэталяў і інжынерна-тэхнічнага абсталявання. Галоўнае, што трэба зрабіць – умацаваць купал і ўзвесці новы дах святыні.
Другі тур уступнага экзамену ў духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску пройдзе ў Мінску. Панядзелак 9 жніўня 2021 г. стане апошняй магчымасцю распачаць падрыхтоўку да святарства ў гэтым навучальным годзе. На іспыце кандыдат павінен паказаць свае веды па асноўных тэмах са Святога Пісання, Катэхізіса, гісторыі Касцёла ў свеце і Беларусі, а таксама прадэманстраваць знаёмства з актуальным жыццём Касцёла. Раней паведамлялася, што першы тур экзамена прайшоў 19 ліпеня, і па яго выніках у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне былі залічаныя тры кандыдаты.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, sdb.by і ўласнай інфармацыі.