Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Дамаску адкрываецца першы факультэт каталіцкай тэалогіі

Восенню ў Дамаску пачне працаваць першы ў Сірыі факультэт каталіцкай тэалогіі. 1 кастрычніка 2021 г. ВНУ, створаная ўказам Прэзідэнта ад мая 2019 г., прыме каля 90 студэнтаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйнае адкрыццё запланавана на 28 жніўня. Стварэнне новай адукацыйнай установы падтрымаў кардынал Марыа Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі.

Першапачаткова сядзібай факультэта стане будынак былой школы ў цэнтры сталіцы, які належыць Мельхіцкаму Патрыярхату. Ужо ў 2002 г. Мельхіцкая Царква распачала намаганні па арганізацыі вывучэння каталіцкай тэалогіі ў Дамаску і заснавала Тэалагічны інстытут. Рэктарам новага факультэта будзе Антыяхійскі Патрыярх Юсуф Абсі, а дэканам – архімандрыт Юсуф Лажын.

Былы Мітрапаліт Босры Нікалас Антыба сказаў cath.ch, што таксама і мусульманская моладзь цікавіцца каталіцкай ВНУ. Акрамя Лівана, у Мельхіцкай Царквы на Блізкім Усходзе не было ўласнага тэалагічнага інстытута.

"Усе нашы студэнты паходзяць з хрысціянскіх сем’яў: каталіцкіх або праваслаўных, ёсць таксама халдэі, армяне, паслядоўнікі старажытных Усходніх Цэркваў", - паведаміў архімандрыт Юсуф Лажын. Ён патлумачыў, што ВНУ павінна падрыхтаваць іх да навучання рэлігіі ў школах або далейшага пошуку жыццёвага шляху.

Вучоба будзе доўжыцца пяць гадоў і завершыцца атрыманнем дзяржаўнай ліцэнзіі на выкладанне тэалогіі. Такім чынам, каталіцкія семінарысты змогуць рыхтавацца да святарства не выязджаючы за мяжу для навучання. Патрыярхат пакрые адну траціну кошту будаўніцтва новага факультэта; французская арганізацыя дапамогі L'Oeuvre d'Orient ужо ахвяравала 40 тыс. долараў ЗША на камп'ютэрнае забеспячэнне.
 

19 жніўня 2021, 11:22