Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Візіт Папы ў Славакію: пачалася акрэдытацыя СМІ

Арганізатары папскага візіту ў Славакію пачалі прымаць акрэдытацыйныя заяўкі ад журналістаў на ўдзел у вялікай касцёльнай падзеі, запланаванай на 12-15 верасня 2021 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На афіцыйным сайце падзеі супрацоўнікі СМІ могуць зарэгістравацца для ўдзелу ў асобных мерапрыемствах і для атрымання пропуску ў прэс-цэнтры. Акрэдытацыя будзе працягвацца да 5 верасня. Адна з умоў – поўная вакцынацыя супраць каронавіруса.

Тым часам Касцёл у Славакіі працягвае падрыхтоўку да падзеі. Тысячы вернікаў прымуць удзел у штодзённай малітве на ружанцы перад візітам Францішка, - паведаміла прэс-служба мясцовага епіскапату. Ужо зарэгістраваліся каля 8 тыс. чалавек. Людзі будуць маліцца дома, у храме ці ў супольнасці на працягу 40 дзён, да 15 верасня, калі завершыцца пілігрымка Папы.

Падчас візіту Пантыфік наведае Браціславу, Прэшаў, Кошыцы і Шашцін. Францішак прыедзе ў сталіцу 12 верасня 2021 г. з Будапешта, дзе ў той дзень узначаліць заключную Імшу 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса.

Праграма ўключае сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовага Касцёла, іншых хрысціянскіх і рэлігійных супольнасцей, з вядучымі прадстаўнікамі дзяржаўных органаў улады і грамадзянскай супольнасці.

Плануюцца дзве Імшы з масавым удзелам вернікаў: у Прэшаве і ў нацыянальным санктуарыі ў Шашціне. На стадыёне ў Кошыцах запланавана вялікая сустрэча з моладдзю. Таксама ў Кошыцах Папа павінен сустрэцца з прадстаўнікамі цыганскай супольнасці.

Пакуль невядома, калі для вернікаў пачнецца запіс на ўдзел у падзеях са Святым Айцом і як будзе арганізаваны працэс. Як паведамляецца на сайце славацкага епіскапату, інфармацыя з’явіцца "ў пачатку жніўня".
 

04 жніўня 2021, 11:23