50-годдзе аб’яднання біскупаў Еўропы адзначаць у Рыме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Удзельнікаў штогадовай пленарнай асамблеі прыме папа Францішак і Прэзідэнт Італіі Сержа Матарэла. Плануецца, між іншым, урачыстая літургія з удзелам Пантыфіка ў базыліцы св. Пятра і наведванне Прэзідэнцкага палаца ў Рымскім квірынале.
Сёлетні форум пройдзе на тэму "CCEE – 50 гадоў на службе Еўропы. Памяць і перспектывы ў кантэксце Fratelli tutti". Папская энцыкліка, апублікаваная ў кастрычніку 2020 г., зойме цэнтральнае месца ў "аналізе сітуацыі ў Еўропе", у прыватнасці, у кантэксце суіснавання Касцёла і грамадства.
Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (лац. Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae) была створана ў 1971 г. і цяпер аб'ядноўвае ўсіх старшынь епіскапатаў кантынента і іерархаў краін, дзе няма біскупскіх канферэнцый: з Люксембурга, Манака і Кіпра, Малдовы і Эстоніі. Сюды ўваходзіць і грэка-каталіцкі епарх Мукачава ва Украіне.
З 2016 г. старшынёй CCEE з'яўляецца кард. Анджэла Баньяска, арцыбіскуп-эмерыт Генуі, а віцэ-старшынямі: кард. Вінцэнт Нікалс, арцыбіскуп Вэстмінстэрскі, і арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, арцыбіскуп Познанскі. Сакратарыят Рады знаходзіцца ў швейцарскім Санкт-Галене.