Эва Куш Эва Куш 

Эва Куш: пачуць голас ахвяр злоўжыванняў

Эва Куш, член арганізацыйнага камітэта рэгіянальнай сустрэчы аб абароне непаўналетніх для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, сабрала сведчанні ахвяр сексуальнага выкарыстання з боку святароў.

“Што кажуць, чаго чакаюць ад Касцёла, ад “людзей Касцёла” тыя, хто былі паранены ў Касцёле?”. Даць адназначны адказ на гэтае пытанне складана, бо кожная ахвяра злоўжыванняў адметная, мае сваю гісторыю жыцця, як перад, так і пасля атрымання траўмы”, - заўважыла эксперт, падкрэсліваючы, што некаторыя кажуць пра досвед насілля пра некалькі гадоў пасля таго, як спазналі яго, іншыя – праз шмат гадоў. Некаторыя знайшлі на сваім шляху людзей, якія ім дапамаглі, іншыя засталіся сам на сам са сваімі пакутамі.

Параненыя прамаўляюць: некаторыя гучным голасам змагаюцца за сваё права казаць, быць выслуханымі, іншыя – кажуць з сорамам, у цішыні кабінета псіхатэрапеўта, ці раскрываюцца выключна перад сваімі блізкімі. Некаторыя крычаць, іншыя прамаўляюць моўчкі, прамаўляюць сваім маўчаннем, падкрэсліла псіхіятр.

Па-першае: прызнаць, што яны існуюць

Эва Куш адзначыла, што першай патрэбай параненай асобы з’яўляецца прызнанне і прыняцце яе існавання і таго, што яна мае права існаваць, з усімі яе пакутамі, болем, ранамі.

Эксперт заўважыла, што святары, нярэдка прадстаўляючыся “прадстаўнікамі Бога”, бачаць у сваіх ахвярах аб’екты, якія можна выкарыстаць, і такім чынам знішчаюць у іх годнасць чалавечых істотаў, годнасць “Божых дзяцей”, досвед Бога-Любові і досвед Касцёла, як супольнасці, бо менавіта там матэрыялізуецца насілле, якому ніхто не перашкодзіў і на якое ніхто не адрэагаваў. Ахвяры чакаюць ад Касцёла, у якім адбылося насілле, прызнання злоўжывання не як грэху, учыненага грэшнікам, і які павінен быць прабачаны, але як злачыннага дзеяння, у выніку якіх яны засталіся параненыя.

Ахвяры злоўжыванняў чакаюць у першую чаргу таго, што будуць выслуханы, прыняты як асобы, якія кажуць пра рану, нанесеную не толькі ім самім, але ўсяму Касцёлу. “Яны не хочуць, каб да іх ставіліся як да прыліпалаў, што парушаюць “святы супакой”, як да непажаданых асобаў або нават як да тых, хто дзейнічае супраць Касцёла. Параненыя асобы чакаюць таго, што будуць не толькі прыняты “карэктна”, у адпаведнасці з усімі фармальнымі правіламі, бо прыходзяць да Касцёла, як да супольнасці, а не да касцёльнай установы, якая належна функцыянуе. Ахвяры хочуць мець права выражаць – наколькі яны на гэта здольныя – свой боль і пакуты, якія часам трымаюць схаванымі на працягу многіх гадоў. Не жадаюць атрымліваць інструкцыі, але прагнуць быць выслуханымі.

Акрамя таго, ахвяры злоўжыванняў прагнуць справядлівасці: яны жадаюць, каб былі выразна названы тыя, хто здзейсніў злоўжыванне, і тыя, хто стаў яго ахвярай. Ахвяры прагнуць быць суб’ектамі кананічнага працэсу, у якім суджэнне будзе выносіцца адносна таго, хто ўчыніў злачынства. Сёння абвінавачаны святар мае больш правоў, якіх, у сваю чаргу, пазбаўлена ахвяра, і гэта робіць з яе нязначную асобу, да якой адносяцца так, нібыта справа зусім не тычыцца яе, - лічыць Эва Куш.

Прыняцце, разуменне, павага і выразнае менаванне таго, хто ўчыніў злачынства і таго, хто стаў яго ахвярай, дапамагае аздараўленню, асабліва калі яго павінна здзяйсняць адказная касцёльная асоба.

Па-другое: паважаць час на “аздараўленне”

Параненыя жадаюць аздараўлення. Для яго патрэбны час і дапамога. Яны не жадаюць, каб ім была ўказана і прадпісана асоба, якая акажа ім дапамогу. Яны прагнуць выбіраць самі. Калі будуць мець патрэбу ў грошах на тэрапеўта ці адваката... хочуць мець права атрымаць падтрымку і ў гэтым пытанні.

Тыя, хто застанецца ў Касцёле, просяць, каб ім быў знойдзены святар, падрыхтаваны для іх суправаджэння таксама на шляху духоўнага аздараўлення, і каб асобы, якіх сустрэнуць, не зрабілі ім яшчэ большага зла, магчыма не праз сексуальнае выкарыстанне, але праз навязванне ўласнай духоўнасці, уласнай рэлігійнасці, пасылаючы іх да экзарцыста ці прымушаючы прабачыць. Яны не жадаюць сустрэцца з іншым святаром, які будзе навязваць ім сваё, бо менавіта гэта яны пазналі з боку тых, хто іх выкарыстаў, хто сваімі ўчынкамі і словамі ўклаў у іх скажоны вобраз Бога, духоўнасці, рэлігійнасці і Касцёла. Яны маюць патрэбу ў часе, неабходным для таго, каб залячыць свае раны.

Ахвяры чакаюць таксама таго, што і супольнасць, у якой насільнік быў пастарам, дапамагла ім, будучы таксама і яна параненай “ахвярай” злачыннага дзеяння, учыненага гэтым святаром.

Ахвяры, параненыя ў Касцёле, у працэсе аздараўлення не жадаюць яшчэ раз распавядаць пра спазнанае зло, каб “даваць сведчанне”, бо для іх гэта раўназначна вяртанню ў “пекла”. Наступае момант, часта праз шмат гадоў, калі яны адчуваць патрэбу ў тым, каб “выпусціць пару” і распавесці ўсё, але потым наступае іншы, калі яны больш не жадаюць вяртацца да мінулага, менавіта для таго, каб аздаравіцца. Не для таго, каб забыць, бо забыць немагчыма, але для таго, каб ісці далей і не заставацца на тым самым месцы.

Па-трэцяе: вынесці ўрок з іх досведу

Ахвяры, якія прайшлі доўгі шлях аздараўлення, здольныя глядзець на ўласны досвед з пэўнай дыстанцыі. Яны могуць вылучыць тыя памылкі і слабыя месцы, якія ствараюць умовы для таго, каб святары маглі выкарыстоўваць непаўналетніх і ўразлівых дарослых асобаў яшчэ і сёння. Яны могуць указаць на прабелы ў фармацыі, у адносінах паміж святарамі, якія прыводзяць іх да пошуку партнёраў сярод непаўналетніх. Яны могуць распавесці пра тое, што ў культуры Касцёла і яго структурным вымярэнні, садзейнічае злоўжыванням іншымі людзьмі. Яны могуць параіць лепшыя спосабы дапамогі ахвярамі, указаць на памылкі, якія Касцёл працягвае рабіць у дапамозе ім. Урэшце яны могуць прапанаваць Касцёлу як распавядаць параненым пра Бога, што быў сведкам перажытай імі траўмы. Тое, што яны ведаюць, гэта плён іх досведу: досведу перажытага зла і доўгага шляху аздараўлення. Яны могуць распавесці пра шлях, які вядзе да аздараўлення, бо самі яго прайшлі, і ведаюць усё тое, што спачатку ігнаравалі. “Як Касцёл, мы жадаем выслухаць іх?”, - пытаецца Эва Куш.

Эксперт лічыць, што для таго, каб голас ахвяр злоўжыванняў быў пачуты, патрэбна глыбокая трансфармацыя ў Касцёле і не дастаткова толькі добрых інструкцый і таго, каб Касцёл станавіўся “установай”, якая належным чынам прымае паведамленні пра выпадкі насілля. Трэба пераадолець фармальны падыход, а паказваць вобраз Бога, які з’яўляецца Любоўю, які ласкавы, і вобраз Касцёла, які прымае і абдымае. Будзе слушна задацца пытаннем пра тое, ці не з’яўляецца голас людзей, якія былі паранены, пакінуты і гэтай далей, прароцкім голасам, які можа дапамагчы навяртанню, - лічыць Эва Куш.

Эва Куш працуе псіхатэрапеўтам у цэнтры псіхалагічнай дамамогі і з’яўляецца членам Польская асацыяцыі псіхіятраў. Была старшынёй аддзялення гэтай арганізацыі ў Катавіцах. Прымала ўдзел у ХІІ і ХІІІ пленарных сесіях Сінода Біскупаў у Рыме ў якасці аўдытара. У 2021 г. брала ўдзел у ватыканскім сімпозіуме “У кірунку аздараўлення і абнаўлення” для прадстаўнікоў епіскапатаў з усяго свету, прысвечанага сексуальным злоўжыванням у адносінах да непаўналетніх. Куш з’яўляецца сузаснавальніцай Цэнтра абароны дзяцінства пры Ігнацыянскай акадэміі ў Варшаве, дзе з 2014 г. працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай праграме. Была членам камітэта, які займаўся арганізацыяй першай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай тэме сексуальных злоўжыванняў у Каталіцкім Касцёле, што праходзіла ў 2014 г. у Польшчы.
 

16 верасня 2021, 14:30