Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Канферэнцыя па абароне непаўналетніх: паранены давер да Касцёла

Падчас Канферэнцыі на тэму “Наша супольная місія абараніць Божых дзяцей”, якая праходзіць з 19 па 25 верасня 2021 г. у Варшаве, узяў слова славуты чэшскі святар і філосаф, кс. Томаш Галік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З верай у сілу праўды, якая аздараўляе і вызваляе, мы прагнем дакрануцца да ран, што прадстаўнікі Касцёла нанеслі безабаронным, асабліва дзецям і падлеткам. Гэтымі ўчынкамі яны паранілі давер да Касцёла ў сучасным свеце, які будзе аднаўляцца доўга і цяжка”, - заўважыў кс. Галік, прафесар Карлавага ўніверсітэта ў Празе і дырэктар Чэшскай хрысціянскай акадэміі.

Святар лічыць, што выпадкі сексуальнага злоўжывання ўказваюць на існаванне “агульнага крызісу духавенства”, які можна пераадолець “толькі дзякуючы новаму разуменню ролі Касцёла ў сучасным грамадстве”, як “школы хрысціянскай мудрасці”, “палявога шпіталя”, месца сустрэчы, дзялення і прымірэння.

З дакладам у першы дзень варшаўскай Канферэнцыі выступіў таксама арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, які адзначыў важнасць таго, каб “аздаравіцца ад абыякавасці” адносна сітуацыі з сексуальнымі злоўжываннямі, злоўжываннямі ўладай і сумленнем людзей.

“Калі я сустракаўся з ахвярамі, я часта чуў гісторыі пра тое, што сексуальнаму злоўжыванню папярэднічала маніпуляцыя, скіраваная на атрыманне бязмежнага даверу, а значыць улады над жыццём асобы, якая была безабароннай перад абліччам такой маніпуляцый”, - падзяліўся іерарх, заклікаючы да супольных намаганняў усіх католікаў, каб выкараніць гэту ганебную з’яву з жыцця Касцёла.

Канферэнцыя “Наша супольная місія абараніць Божых дзяцей” тычыцца сітуацыі са злоўжываннямі ў Касцёле на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яна была арганізавана Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх у супрацоўніцтве з епіскапатамі рэгіёну.

 

20 верасня 2021, 12:17