Канферэнцыя па абароне непаўналетніх: паранены давер да Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“З верай у сілу праўды, якая аздараўляе і вызваляе, мы прагнем дакрануцца да ран, што прадстаўнікі Касцёла нанеслі безабаронным, асабліва дзецям і падлеткам. Гэтымі ўчынкамі яны паранілі давер да Касцёла ў сучасным свеце, які будзе аднаўляцца доўга і цяжка”, - заўважыў кс. Галік, прафесар Карлавага ўніверсітэта ў Празе і дырэктар Чэшскай хрысціянскай акадэміі.
Святар лічыць, што выпадкі сексуальнага злоўжывання ўказваюць на існаванне “агульнага крызісу духавенства”, які можна пераадолець “толькі дзякуючы новаму разуменню ролі Касцёла ў сучасным грамадстве”, як “школы хрысціянскай мудрасці”, “палявога шпіталя”, месца сустрэчы, дзялення і прымірэння.
З дакладам у першы дзень варшаўскай Канферэнцыі выступіў таксама арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, які адзначыў важнасць таго, каб “аздаравіцца ад абыякавасці” адносна сітуацыі з сексуальнымі злоўжываннямі, злоўжываннямі ўладай і сумленнем людзей.
“Калі я сустракаўся з ахвярамі, я часта чуў гісторыі пра тое, што сексуальнаму злоўжыванню папярэднічала маніпуляцыя, скіраваная на атрыманне бязмежнага даверу, а значыць улады над жыццём асобы, якая была безабароннай перад абліччам такой маніпуляцый”, - падзяліўся іерарх, заклікаючы да супольных намаганняў усіх католікаў, каб выкараніць гэту ганебную з’яву з жыцця Касцёла.
Канферэнцыя “Наша супольная місія абараніць Божых дзяцей” тычыцца сітуацыі са злоўжываннямі ў Касцёле на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яна была арганізавана Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх у супрацоўніцтве з епіскапатамі рэгіёну.