Папская аўдыенцыя падчас ad limina французскіх біскупаў Папская аўдыенцыя падчас ad limina французскіх біскупаў 

Папа размаўляў дзве з паловай гадзіны з французскімі біскупамі

Размова Святога Айца з французскімі біскупамі з касцёльных правінцый Парыж, Ліён і Клермон-Феран у рамках ad limina доўжылася амаль дзве з паловай гадзіны, - паведамляецца на сайце штотыднёвіка Famille Chrétienne.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Менавіта нашы пытанні падштурхнулі да гэтага вельмі простага і братэрскага дыялогу", - прызнаўся прэсе праз некалькі гадзін пасля сустрэчы арцыбіскуп Парыжа Мішэль Опэці. Іерархі змаглі расказаць Пантыфіку пра цяжар біскупскай місіі, некаторыя прызнаваліся ў амаль “выгаранні”. Папа рэкамендаваў ім заўсёды давераць цяжкасці Пану.

Не дзіўна, што сярод тэм было і далікатнае пытанне рэалізацыі палажэнняў motu proprio Traditionis custodes, які рэгулюе цэлебрацыю Імшы ў дасаборнай форме. "Папа сказаў, што хоча аднавіць еднасць Касцёла, змагаючыся з ідэалогіяй, якая палохае", - сказаў Мітрапаліт Парыжа. Францішак згадаў аб небяспецы "асабліва ў ЗША, Швейцарыі і ў нейкай меры ў Францыі". Іерарх дадаў: “Гэта нядрэнна. Я сам у верасні прыняў абмежавальныя меры ў сваёй дыяцэзіі”.

Падчас аўдыенцыі, якая прайшла 23 верасня 2021 г., Францішак падкрэсліў, што ключавым паняццем яго motu proprio з’яўляеюцца паўнамоцтвы біскупаў. Арцыбіскуп Ліёна Аліўе дэ Жэрмэй звярнуў увагу Святога Айца на важнасць улічваць асаблівасці французскіх дыяцэзій і іх больш-менш добрыя адносіны з супольнасцямі “традыцыяналістаў”. Ён падкрэсліў, што ў выпадку прыхільнікаў надзвычайнай формы літургіі існуе пагроза сепарацыі. Але гэта тычыцца не ўсіх. Я сказаў Святому Айцу: “У Amoris Laetitia Вы заклікаеце нас улічваць разнастайнасць сітуацый. Тут мы павінны зрабіць тое ж. На што Францішак выказаў згоду. "Ён зрабіў адсылку да нашай біскупскай ролі, заўважыўшы, што адказнасць ляжыць на нас", - прызнаўся Прымас Галіі.

Арцыбіскупу Опэці, які спытаў у Папы, ці можа існаваць парафія, дзе існуюць абедзве формы абраду, Святы Айцец таксама адказаў станоўча. Пастыр французскай сталіцы прызнаў, што папскі дакумент “навёў парадак” і дапамог яму ўсвядоміць наяўнасць схаванай дзейнасці ў яго дыяцэзіі.

Адной з галоўных тэм размовы стаў крызіс, звязаны з сексуальнымі злоўжываннямі з боку людзей Касцёла. Пантыфік даў французскім біскупам два асноўныя кіруючыя прынцыпы: не хаваць праблемы і душпастырскі суправаджаць тых, каго яна тычыцца – як ахвяр, так і злачынцаў. Арцыбіскуп Парыжа таксама звярнуў увагу на значэнне, якое Папа надае тэалагічнаму аспекту праблемы злоўжыванняў, у прыватнасці неабходнасці "прыняць грэх, каб успрымаць яго сур'ёзна". "Ён папрасіў нас правесці катэхезу на гэтую тэму", - дадаў арцыбіскуп Ліёна.

Біскупы скарысталіся непасрэднай сустрэчай з Францішкам, каб распытаць яго аб яго адносінах да іх краіны. "Што вы лічыце самым прыгожым у Францыі?", - спытаў біскуп Жан-Луі Бальза. "Францыя – старэйшая дачка Касцёла. Яна – не самая верная, але застаецца месцам для крэатыўнасці – чалавечай, душпастырскай і духоўнай", - адказаў Святы Айцец.
 

25 верасня 2021, 11:59