Новаабраны прэзідыум Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы Новаабраны прэзідыум Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы 

Сінадальны працэс – прыярытэт новага кіраўніцтва CCEE

Новаабраны прэзідыум Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) падзяліўся сваім бачаннем перспектыў далейшай дзейнасці іерархічнага аб’яднання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Cтаршынёй ССЕЕ быў абраны арцыбіскуп Вільнюскі Гінтарас Грушас, віцэ-старшынямі – арцыбіскуп Люксембуржкі, кард. Жан-Клод Олерыш, і пастыр сербскай Зрэнянінскай дыяцэзіі, бп. Ласла Нэмэт.

Іерархі падкрэслілі, што адным з прыярытэтных напрамкаў у бліжэйшыя два гады будзе ўдзел у сінадальным працэсе, урачыстае адкрыццё якога пройдзе ў Ватыкане ў пачатку кастрычніка. Упершыню ў гісторыі, акрамя працы на ўзроўні мясцовых Касцёлаў і Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, ён уключыць у сябе кантынентальны этап.

“Як Еўропа, мы становімся часткай працэсу. Гаворка пра гэта ішла падчас сесіі цяперашняга пленарнага пасяджэння. Такім чынам Дух Святы праз Папу, які ініцыяваў сінадальны працэс, запрашае нас удзельнічаць не толькі ў якасці Касцёлаў і епіскапатаў у асобных краінах, але і ў якасці Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы”, - заўважыў арц. Гінтарас Грушас.

Віцэ-старшыня Рады, які прадстаўляе Касцёл Заходняй Еўропы, кард. Жан-Клод Олерыш спаслаўся на супрацоўніцтва паміж CCEE і іншым аб’яднаннем еўрапейскіх іерархаў, Камісіяй Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), старшынёй якога ён з'яўляецца з 2018 г. "Неабходна памятаць, што мы прадстаўляем адных і тых жа біскупаў, тым больш, што COMECE з'яўляецца меншай структурай абмежаванай Еўрасаюзам. Любая апазіцыя ў рамках такога ўзаемадзеяння будзе чымсьці дзіўным”, - звярнуў увагу іерарх. У сваю чаргу арц. Грушас дадаў, што ўжо некалькі гадоў таму гаварылася аб неабходнасці ўзмацнення супрацоўніцтва паміж дзвюма структурамі.

Адказваючы на пытанне, ці можна яшчэ разглядаць сучасную Еўропу праз прызму ўсходняга і заходняга рэгіёнаў, іерархі падкрэслілі, што акрамя агульных для ўсяго кантынента выклікаў, існуюць задачы і сітуацыі, якія адрозніваюцца ў Касцёлах асобных краін. “Мы падкрэслілі важнасць супольнай хады па гэтым шляху не толькі як біскупы, але і як народ і краіны Еўропы ў супрацоўніцтве з усімі іншымі кантынентамі і з Паўсюдным Касцёлам. Мы разам пачалі гэты шлях 50 гадоў таму", - сказаў новы старшыня CCEE. Як дадаў арц. Грушас, наступствы пандэміі, з якімі сутыкаецца ўвесь Касцёл і ўсе кантыненты, набываюць адмысловае значэнне ў гэтым кантэксце.
 

27 верасня 2021, 11:32