Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў архідыяцэзіі. 14 верасня 2021 г. Папа Францішак прызначыў яго на новую пасаду – да гэтага часу іерарх быў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. У сваім слове іерарх адзначыў, што адчувае ў гэтым прызначэнні асаблівы клопат Святога Айца пра сям’ю Каталіцкага Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Год сям’і, які цяпер перажываюць вернікі. Ён папрасіў аб малітве за Францішка, біскупаў і духавенства, вернікаў рэгіёна, за краіну і народ: а таксама даверыў сваё служэнне ў архідыяцэзіі апецы Маці Божай Будслаўскай.
Агульнабеларуская ўрачыстасць адбылася ў Бялынічах з нагоды 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай. 17-18 верасня 2021 г. у гэтым горадзе на Магілёўшчыне прайшоў фэст з удзелам амаль усяго беларускага епіскапату як выраз падзякі Богу за 30 гадоў з моманту аднаўлення касцёльных структур у Беларусі. Канферэнцыя, канцэрт, экскурсія, св. Імша былі цэнтральнымі пунктамі праграмы. У канферэнцыі ўдзельнічала таксама праваслаўнае духавенства. Галоўнай рэліквіяй фэсту стала копія старажытнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, арыгінал якога лічыцца страчаным. Копію XVII ст. знайшлі ў могілкавай капліцы каля вёскі Сноў. Абраз адрэстаўравалі, ён захоўваецца ў фондах музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі. Пасля ўрачыстасцяў у Бялынічах з 19 па 26 верасня 2021 г. абраз будзе знаходзіцца ў магілёўскай катэдры для ўшанавання ўсімі ахвотнымі.
Благаслаўленне адноўленага аргана адбылося ў лідскім фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа. 11 верасня 2021 г. біскуп Юзаф Станеўскі благаславіў арган, які доўгі час знаходзіўся ў непрацоўным стане, і памаліўся за ўсіх, хто меў дачыненне да аднаўлення інструмента. Спонсарскую дапамогу на рэстаўрацыю аргана аказаў вядомы беларускі прадпрымальнік, мецэнат і арганіст-аматар Юры Зісер. Таксама ў рамках святкавання адбыўся канцэрт з удзелам народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава і вядомых музыкаў.
Каталіцкія біскупы Беларусі павіншавалі Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча з гадавінай біскупскага пасвячэння. Братняе віншаванне іерархі скіравалі да прадстаўніка Францішка 16 верасня 2021 г. – у гадавіну таго памятнага дня, калі атрымаўшы прызначэнне на служэнне ў Беларусі, Антэ Езіч атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы кардынала П’етра Параліна. Беларускія іерархі пажадалі, каб служэннне Апостальскага нунцыя спрыяла далейшаму ўмацаванню адзінства вернікаў з Богам і з усімі братамі і сёстрамі ў духу Хрыстовай любові.
У гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа адпустовая ўрачыстасць прайшла з удзелам трох іерархаў. Прыемным сюрпрызам для вернікаў стаў візіт новапрызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і ганаровага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які прамовіў гамілію падчас св. Імшы. Іерарх падкрэсліў, што “свет без крыжа быў бы светам без надзеі, светам выкарыстання слабых і безабаронных, светам, у якім апошняе слова належала б цярпенням”.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.