11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Унікальная выстава абразоў XVII-XIX стст. адкрылася ў кляштары бэрнардынаў у Друі Віцебскай дыяцэзіі. З 10 па 12 верасня 2021 г. тут можна ўбачыць абразы з розных касцёлаў Беларусі, пераважная большасць якіх цяпер захоўваюцца ў фондах музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук, паведаміў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі кс. Сяргей Сурыновіч. Самы каштоўны абраз у экспазіцыі - адна з найбольш вядомых і старажытных копій цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Копія напісана ў XVII ст. і знаходзілася ў вёсцы Сноў Нясвіжскага раёна. Дарэчы, цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай быў каранаваны папскімі каронамі 260 год таму. У дзень каранацыі, 8 верасня, копія абраза прыбыла ў друйскую святыню.

Касцёл у Беларусі асуджае публікацыю ў адной з беларускіх дзяржаўных газет і расцэньвае яе як распальванне варожасці. Па даручэнні старшыні біскупскай канферэнцыі Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча пазіцыю епіскапату адносна публікацыі, якая выклікала глыбокае абурэнне вернікаў, выказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Паводле яго, карыкатура, на якой крыж ператвараецца ў свастыку, а таксама свастыка, змешчаная замест крыжа, абражае не толькі святароў, але ў першую чаргу зневажае Крыж Хрыста Збаўцы, які на ім аддаў жыццё за збаўленне людзей. На думку каталіцкіх біскупаў Беларусі, гэтая публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій. Як падкрэсліў іерарх, біскупы спадзяюцца, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі.

Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч па запрашэнні беларускіх уладаў наведаў Міністэрства замежных спраў, дзе сустрэўся з міністрам Уладзімірам Макеем. У ходзе сустрэчы 9 верасня 2021 г. бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, гуманітарнае супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў у рамках міжнародных арганізацый. Па выніках сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС, папскі прадстаўнік заявіў, што ўлады не падтрымліваюць ніякіх дзеянняў, скіраваных на распальванне варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў той ці іншай рэлігійнай супольнасці.

Першы фестываль хрысціянскай культуры прайшоў на Залатой Горцы ў Мінску. Імпрэза 5 верасня 2021 г. пры парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) распачалася св. Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Малілеўскай архідыяцэзіі, біскуп Казімір Велікаселец. Затым на канферэнцыі выступілі з дакладамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кс. Уладзіслаў Завальнюк і іншыя. На прыкасцёльнай тэрыторыі можна было пачаставацца і набыць беларускія гарбузы, мёд і печыва. Місія Чыстае сэрца падрыхтавала бяспройгрышную латарэю, а супрацоўнікі выдавецтва Pro Christo прапанавалі рэлігійную літаратуру і каталіцкую прэсу. Моладзь касцёла падрыхтавала для дзяцей цікавы квэст.

З удзелам біскупа Велікасельца ў Баранавічах адзначылі 100-гадовы юбілей руху Легіён Марыі. 3-5 верасня 2021 г. на рэкалекцыйную сустрэчу сабраліся легіянеры з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі - звыш 80 удзельнікаў руху з гэтых рэгіёнаў. Да іх далучыліся паплечнікі з Гродна, Смаргоні, Ашмянаў, Мазыра і Баранавічаў. Рэкалекцыі для легіянераў праводзіў а. Юрый Кулай, кармэліт босы з мінскай парафіі Божага Цела - тэмай духоўных практыкаванняў стала жыццё Святой Сям’і. Важным момантам сустрэчы стала прысутнасць на ёй Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупа Казіміра Велікасельца.

У рэчыцкі касцёл праз 100 год вярнулі каштоўны абраз Маці Божай Балеснай, які знаходзіўся тут да 1920-х гадоў, калі яго разам з іншай маёмасцю парафіі адабралі бальшавікі. Вернік рэчыцкай парафіі Найсвяцейшай Троіцы Анатоль Шчучко адшукаў мясцовага жыхара, які доўгія гады захоўваў абраз у сябе дома. 78-гадовы Іван Васільевіч Рудніцкі пагадзіўся вярнуць абраз у святыню і прывёз яго ў касцёл 8 верасня 2021 г., падчас святкавання Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Паводле пенсіянера, ён быў знаёмы з кіраўніком той самай “рэквізіцыі”, якая адабрала касцёльныя каштоўнасці. Але замест таго, каб спаліць абраз, мужчына забраў яго дадому і схаваў, а затым прадаў Івану Рудніцкаму. Дакладных звестак пра абраз няма, але раней мастацтвазнаўцы казалі Івану Васільевічу, што карціна адносіцца да Віленскай школы жывапісу 1850-х гадоў.

У Гомелі адкрылі ўнікальны цэнтр для інвалідаў, пабудаваны мясцовым Caritas. Каля 700 чалавек змогуць штогод атрымліваць тут усебаковую дапамогу. Інтэгратыўны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр стаў другой чаргой будаўніцтва Дзіцячай вёскі для інвалідаў. Як і на першую чаргу будаўніцтва асноўную частку сродкаў перадалі еўрапейскія дабрачынныя каталіцкія арганізацыі Caritas, таксама дапамогу аказвалі фізічныя і юрыдычныя асобы з Беларусі. Адкрыты 10 верасня 2021 г. цэнтр уносіць уклад у сацыяльную інтэграцыю і інклюзію дзяцей, маладых і дарослых са шматлікімі абмежаваннямі ў Гомелі і Гомельскай вобласці. Праект скіраваны перш за ўсё на паляпшэнне якасці жыцця, умоў развіцця і адукацыі, а таксама атрымання якаснай рэабілітацыі і кансультавання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з Дзіцячай вёскі і людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у сем'ях.

Падрыхтавана паводле catholic.by, facebook і ўласнай інфармацыі.
 

11 верасня 2021, 11:12