У Рыме пачаў працу Інстытут антрапалогіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новая адукацыйная ўстанова працягне працу Цэнтра, створанага ў 2012 г., ва ўсіх сферах яго дзейнасці, будзе мець уласны выкладчыцкі склад і – акрамя ўжо існуючых дыпломаў і ступеняў бакалаўра – прапануе дактарантуру па антрапалогіі.
Узначальваць Інстытут антрапалогіі – Цэнтр міждысцыплінарных даследаванняў па пытаннях годнасці чалавека і клопату пра ўразлівых асоб (IADC) – будзе нямецкі эксперт па абароне непаўналетніх, езуіт Ханс Цольнэр, 54-гадовы святар-псіхолаг, які да гэтага часу кіраваў Цэнтрам абароны дзяцей. Праз некалькі тыдняў ВНУ пачне сваю практычную дзейнасць у Віла-Мальта ў Рыме, дзе больш месца, чым у галоўным корпусе Папскага ўніверсітэта, размешчаным у цэнтры горада.
Цэнтр абароны дзяцей быў створаны ў 2012 г. па ініцыятыве Грыгарыянскага ўніверсітэта, Мюнхенска-Фрайзенскай архідыяцэзіі і Аддзялення псіхіятрыі і псіхатэрапіі для дзяцей і падлеткаў ва ўніверсітэцкай бальніцы ў нямецкім Ульме. На працягу трохгадовага пілотнага этапу, да канца 2014 г., ён знаходзіўся ў Мюнхене, а ў пачатку 2015 г. штаб-кватэра была перанесена ў Рым. Цэнтр уваходзіў у склад Інстытута псіхалогіі Грыгарыянскага ўніверсітэта і стаў адной з вядучых устаноў у свеце па прафілактыцы сексуальных злоўжыванняў і рэабілітацыі.
З лютага 2016 г. Цэнтр прапанаваў дыпломны курс для людзей, якія працуюць у сферы абароны дзяцей і процідзеяння сексуальнаму гвалту. Пазней да гэтага быў дададзены двухгадовы курс бакалаўрыяту. Акрамя таго, установа працавала з партнёрамі ў іншых краінах, прапанавала навучанне не толькі на італьянскай, але і на англійскай і іспанскай мовах.