С. Глорыя Сэсілія Нарваес Аргоры С. Глорыя Сэсілія Нарваес Аргоры 

Чатыры гады ў палоне ісламістаў: сведчанне с. Глорыі Нарваес

С. Глорыя Сэсілія Нарваес Аргоры, якая правяла ў палоне ісламістаў чатыры гады і восем месцаў і была вызвалена 9 кастрычніка 2021 г., падзялілася сваім досведам з Vatican News.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

59-гадовая калумбійская місіянерка з кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Марыі Беззаганнай служыла на поўдні Малі шэсць гадоў, імкнучыся разам з іншымі каталіцкімі манахінямі адказваць на вялікую нястачу, якая ёсць у рэгіёне.

“Мы працавалі ў цэнтры медыцынскай дапамогі для людзей з розных вёсак, у дзіцячым прытулку, дзе звычайна пражывалі некалькі дзясяткаў сіротаў, маці якіх памерлі падчас родаў, мы вучылі пісьменнасці, вышыўцы і шыццю. Мы займаліся таксама мікракрэдытаваннем для падтрымкі невялікага гандлю на рынку, асабліва жанчын, каб яны маглі рабіць свой уклад на карысць сям’і”, - падзялілася законніца.

На працягу некалькіх месяцаў францішканкі больш не прысутнічаюць на поўдні Малі, але ініцыятывы, якім яны далі пачатак, за выключэннем выдачы мікракрэдытаў, працягваюць ажыццяўляцца дзякуючы мясцовым жанчынам і пры падтрымцы дыяцэзіі. Адна з прычын прыпынення служэння – небяспека, звязаная з дзейнасцю тэрарыстычных груповак.

7 лютага 2017 г. на тэрыторыю парафіі ў Карангасе ўварваліся ўзброеныя людзі, звязаныя з Аль-Кайдай, якія ўвязлі місіянерку ў невядомым кірунку. Яна прабыла ў няволі да 9 кастрычніка 2021 г., пакуль не была вызвалена, дзякуючы намаганням уладаў і спецслужбаў Італіі і Малі і малітоўнай падтрымцы Касцёла. “У кожны момант мяне падтрымлівала вера. Я не баялася таго, што магло здарыцца са мной, бо ведала, што Бог мяне падтрымліваў, што ўвесь Касцёл, мае сёстры і ўвесь свет маліліся за мяне”, - прызналася місіянерка.

С. Глорыя Нарваес пасля вызвалення з палону
С. Глорыя Нарваес пасля вызвалення з палону

С. Глорыя распавяла, што адносілася да сваіх выкрадальнікаў з вялікай павагай, малілася за кожнага з іх і была паслухмянай у тым, што лічыла слушным. “Я мела добрыя чалавечыя адносіны да іх”, - дадала місіянерка, заўважаючы, што выкрадальнікі, у сваю чаргу, дыскрымінавалі яе, таму што яна была каталіцкай манахіняй, не была адной рэлігіі з імі.

Францішканка прызналася, што ніколі не баялася за сваё жыццё. “Калі мяне выкралі, я была гатова да ўсяго. Давярала Богу. Я сказала сабе: “Няхай станецца так, як павінна быць”, бо была гатова аддаць маё жыццё”, - распавяла яна.

Па словах законніцы, яна адчувала прысутнасць Бога побач, “калі малілася псальмамі, калі магла крыху пашпацыраваць у пустыні і сузіраць веліч стварэння, сонца, якое ўставала раніцай, вярблюдаў, якія праходзілі ўздоўж пясочных гор”. “У кожны кожны момант я адчувала моцную ўпэўненасць у Богу”, - дадала с. Глорыя.

Падчас сустрэчы са Святым Айцом
Падчас сустрэчы са Святым Айцом

Пасля вызвалення з няволі калумбійская місіянерка была дастаўлена самалётам ў Рым. Яна прыняла ўдзел у св. Імшы, якую Папа цэлебраваў у Ватыкане з нагоды адкрыцця XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, а перад пачаткам літургіі мела магчымасць асабіста сустрэцца са Святым Айцом, раздзяліць з ім сваю радасць і атрымаць благаслаўленне. 
 

26 кастрычніка 2021, 09:42