Кардынал Алешандры Жазэ Марыя душ Сантуш Кардынал Алешандры Жазэ Марыя душ Сантуш 

Францішак моліцца за памерлага кардынала Сантуша

Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю 97-гадовага мазамбікскага кардынала Алешандры Жазэ Марыі душ Сантуша, які адышоў у вечнасць 29 верасня 2021 г. у горадзе Мапута.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак выказаў блізкасць родным спачылага іерарха і ўсім, пра каго клапаціўся гэты “нястомны слуга Евангелля і Касцёла”. Святы Айцец заклікаў удзельнікаў пахавальнай літургіі ў інтэнцыі кардынала Сантуша “узнесці сэрцы” і запэўніў іх у сваім благаслаўленні.

Алешандры Жазэ Марыя душ Сантуш нарадзіўся ў 1924 г. у горадзе Завала на поўдні Мазамбіка. У 1947 г. уступіў у Ордэн меншых братоў, а ў 1953 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Лісабоне. Вярнуўся на радзіму, дзе займаўся душпастырствам, быў дарадчыкам францішканскай кустодыі Мазамбіка і рэктарам духоўнай семінарыі. З 1974 г. па 2003 г. – арцыбіскуп Мапуту. У 1988 г. стаў кардыналам. Іерарх быў уважлівым да патрэбаў бедных і мігрантаў, спрыяў прымірэнню пасля грамадзянскага канфлікту ў Мазамбіку і ўмацаванню адносін паміж былымі партугальскімі калоніямі ў Афрыцы.

Пасля смерці кардынала Сантуша Калегія кардыналаў складаецца з 216 іерархаў, з якіх 121 мае права голасу на канклаве.
 

02 кастрычніка 2021, 08:13