Шатландыя: Касцёл рыхтуецца прыняць Папу і ўдзельнікаў COP26
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас правядзення форуму плануецца малітвы, чуванні, сустрэча для моладзі і экуменічныя ініцыятывы.
“Мы амаль упэўненыя, што Папа будзе прысутнічаць на COP26, хоць канчатковае пацвярджэнне яшчэ не прыйшло. Ён спыніцца ўсяго на некалькі гадзін, каб папрасіць кіраўнікоў дзяржаў і дэлегатаў з усяго свету дзейнічаць аператыўна на карысць выратавання планеты”, - адзначыў Роні Конверы, дырэктар аддзела камунікацыі архідыяцэзіі Глазга. “Мы падтрымліваем сувязь з Святым Пасадам, але афіцыйнай праграмы пакуль няма”, - дадаў ён.
Касцёльны аргкамітэт ініцыятыў, звязаных з COP26, уключыў 10 асоб – спецыялістаў у галіне літургіі, музыкі, лагістыкі, медыя. Яго ўзначаліў біскуп Галаўэй Уільям Нолан.
Сярод касцёльных ініцыятыў – Імша 7 лістапада 2021 г. у касцёле езуітаў, у якой прыме ўдзел дэлегацыя Святога Пасаду разам з усімі шатландскімі біскупамі, а таксама прадстаўнікі ААН. Малітоўныя чуванні ў пяці хрысціянскіх храмах горада арганізуюць браты з экуменічнай супольнасці Тэзэ. Набажэнства, у якім прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў, пройдзе таксама ў прэсвітэрыянскім саборы.
Нягледзячы на тое, што Каталіцкі Касцёл не з'яўляецца арганізатарам саміту ў Глазга, у яго працы будуць удзельнічаць прадстаўнікі Шатландскага каталіцкага міжнароднага фонду дапамогі (Scottish Catholic International Aid Fund). На COP26 яны маюць намер падтрымаць папскі заклік выпрацаваць пагадненне, якое выратуе планету.