Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Шатландыя: Касцёл рыхтуецца прыняць Папу і ўдзельнікаў COP26

Каталіцкі Касцёл у Шатландыі рыхтуецца прыняць Францішка і сусветных лідараў на саміце ААН па клімаце. Ён будзе праходзіць у Глазга з 31 кастрычніка па 12 лістапада 2021 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас правядзення форуму плануецца малітвы, чуванні, сустрэча для моладзі і экуменічныя ініцыятывы.

“Мы амаль упэўненыя, што Папа будзе прысутнічаць на COP26, хоць канчатковае пацвярджэнне яшчэ не прыйшло. Ён спыніцца ўсяго на некалькі гадзін, каб папрасіць кіраўнікоў дзяржаў і дэлегатаў з усяго свету дзейнічаць аператыўна на карысць выратавання планеты”, - адзначыў Роні Конверы, дырэктар аддзела камунікацыі архідыяцэзіі Глазга. “Мы падтрымліваем сувязь з Святым Пасадам, але афіцыйнай праграмы пакуль няма”, - дадаў ён.

Касцёльны аргкамітэт ініцыятыў, звязаных з COP26, уключыў 10 асоб – спецыялістаў у галіне літургіі, музыкі, лагістыкі, медыя. Яго ўзначаліў біскуп Галаўэй Уільям Нолан.

Сярод касцёльных ініцыятыў – Імша 7 лістапада 2021 г. у касцёле езуітаў, у якой прыме ўдзел дэлегацыя Святога Пасаду разам з усімі шатландскімі біскупамі, а таксама прадстаўнікі ААН. Малітоўныя чуванні ў пяці хрысціянскіх храмах горада арганізуюць браты з экуменічнай супольнасці Тэзэ. Набажэнства, у якім прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў, пройдзе таксама ў прэсвітэрыянскім саборы.

Нягледзячы на тое, што Каталіцкі Касцёл не з'яўляецца арганізатарам саміту ў Глазга, у яго працы будуць удзельнічаць прадстаўнікі Шатландскага каталіцкага міжнароднага фонду дапамогі (Scottish Catholic International Aid Fund). На COP26 яны маюць намер падтрымаць папскі заклік выпрацаваць пагадненне, якое выратуе планету.
 

06 кастрычніка 2021, 12:11