Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Субстытут Дзяржсакратара на адкрыцці нунцыятуры ў Арменіі

27 кастрычніка 2021 г. у Ерэване прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Апостальскай нунцыятуры. У ёй прыняў удзел Субстытут Дзяржсакратара па агульных справах арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ватыканскі дыпламат венесуэльскага паходжання пераказаў прысутным на ўрачыстасці шчырае прывітанне Святога Айца і запэўніў у яго духоўнай блізкасці. Ён падкрэсліў, што нунцыятура – гэта “Дом Папы”, які служыць выразам яго клопату і ўвагі да армянскага народа.

Арцыбіскуп Пэна Пара заўважыў, што добрыя двухбаковыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Арменіяй у значнай ступені абумоўлены станоўчай роляй рэлігіі ў грамадстве: армяне – народ з глыбокай вера, а іх краіна назаўсёды застанецца першай, якая прыняла хрысціянства.

Валодаючы вялікай спадчынай, “не кажучы пра досвед болю і пакут, выкліканых дыскрымінацыяй і пераследам, Арменія можа даць міжнароднай супольнасці нямала каштоўных урокаў”, - сказаў Субстытут Дзяржсакратара, падкрэсліваючы, што Апостальская Сталіца жадае і надалей супрацоўнічаць з Арменяй у многіх пытаннях, у першую чаргу тых, якія тычацца свабоды веравызнання і павагі да годнасці кожнага чалавечага жыцця.

Цырымонія адкрыцця нунцыятуры ў Ерэване
Цырымонія адкрыцця нунцыятуры ў Ерэване

Іерарх зазначыў, што Апостальская нунцыятура ў Ерэване з’яўляецца выразам пастырскага клопату Святога Айца пра мясцовых католікаў. “Нягледзячы на сваю нешматлікасць мясцовы Касцёл аказвае значны ўплыў на армянскае грамадства дзякуючы сваім медыцынскім і дабрачынным структурам, што з’яўляецца канкрэтным знакам яго імкнення служыць усім, хто знаходзіцца ў нястачы. Я спадзяюся, што католікі ўбачаць у новай нунцыятуры знак блізкасці Святога Айца і важны стымул да духоўнага жыцця ў радасці і еднасці з нашымі братамі і сёстрамі з Армянскай Апостальскай Царквы”, - сказаў арцыбіскуп Пэна Пара.

Апостальская Сталіца і Арменія маюць дыпламатычныя адносіны з 1992 г., аднак афіцыйнай рэзідэнцыі Апостальскі нунцый у гэтай краіне не меў, размяшчаючыся ў Тбілісі, будучы таксама прадстаўніком Святога Айца ў Грузіі. З 1 сакавіка 2018 г. нунцыем у Арменіі з’яўляецца ватыканскі дыпламат партугала-канадскага паходжання, арцыбіскуп Жазэ Авеліну Бэтанкур.
 

28 кастрычніка 2021, 08:36