Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Мінску ўдзельнікі малітоўнага руху Жывы місійны Ружанец маліліся разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Гэта адбылося 9 кастрычніка 2021 г. у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы з нагоды другой гадавіны заснавання гэтага апостальскага малітоўнага руху. Вернікі разам маліліся, у тым ліку, за ўсё духавенства і аб новых святарскіх пакліканнях, аб хутчэйшым аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. Падчас св. Імшы біскуп Яшэўскі ў гаміліі засяродзіўся на духоўным змесце Анёльскага прывітання, якая складаецца з трох частак: прывітання, праслаўлення і просьбы. Іерарх падзякаваў удзельнікам руху за духоўную падтрымку і заахвоціў прысутных штодзённа маліцца на ружанцы.
Біскуп Гродзенскі асвяціў часовую капліцу і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла ў Лідзе. Падчас св. Імшы 10 кастрычніка 2021 г. гродзенскі ардынарый Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што гэта гістарычная хвіліна, і прапанаваў уявіць, якая радасць запануе ў сэрцах католікаў Ліды, калі ў гэтым месцы будзе асвячаццa касцёл. Яго будуе парафія св. Юзафа і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка, якая атрымала дзяржаўную рэгістрацыю ў 2017 г.
У Навагрудку з удзелам біскупа Касабуцкага адзначылі 400-годдзе Хоцінскай бітвы. Урачыстай св. Імшой 10 кастрычніка 2021 г. у фарным касцёле Перамянення Пана ўзгадалі гэту гістарычную бітву, якая мела вялізнае значэнне як для народаў Рэчы Паспалітай, так і ўсёй Еўропы. У гонар перамогі над войскам Асманскай імперыі пад Хоцінам у навагрудскім касцёле ўсталявана памятная пліта-кенатаф, якая з’яўляецца не толькі ўнікальным помнікам мастацтва барока, але таксама сведчаннем супольнага гістарычнага лёсу беларусаў з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі. У гаміліі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заўважыў, што "нашыя продкі захавалі і абаранілі веру, якую перадавалі з пакалення ў пакаленне, і нашае заданне таксама захаваць і перадаць яе нашчадкам".
Прадстаўнікі Касцёла з Беларусі ўзялі ўдзел у святкаванні 30-годдзя адраджэння каталіцкіх іерархічных структур у Расіі. На мерапрыемстве ў Новасібірску 9-10 кастрычніка 2021 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла ў Расіі, пажадаў яму заставацца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення і голасам сумлення нацыі, мужна абвяшчаць Евангелле, своечасова адказваць на выклікі часу, бараніць маральныя прынцыпы і годнасць чалавека. Іерарх выступіў з грунтоўным дакладам, у якім прадставіў розныя гістарычныя этапы і варункі развіцця Касцёла ў Расіі.
У Гудагаі развіталіся з а. Леанардам Цеханоўскім. Супольнасць кармэлітаў босых у Беларусі са смуткам паведаміла, што 13 кастрычніка 2021 г. ён адышоў у вечнасць на 63-м годзе жыцця. Спачылы пражыў у ордэне 36 гадоў, у святарстве – 33 гады, нёс душпастырскае служэнне пры санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі і ў парафіі св. Андрэя Баболі ў Градоўшчыне. Пахаванне адбылося 16 кастрычніка 2021 г., напярэдадні ў санктуарыі цэлебравалі св. Імшу пры труне.
Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуўся да вернікаў рэгіёна. Біскуп Казімір Велікаселец запрасіў да малітоўнай падтрымкі прызначанага Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Іерарх заклікаў з 14 па 22 кастрычніка 2021 г. правесці ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі Навэнну да св. Юзафа і далучыць адмысловыя малітвы да Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі да ружанцовага набажэнства. Нагадаем, афіцыйнае ўступленне Мітрапаліта на пасаду адбудзецца 23 кастрычніка 2021 г. у мінскай архікатэдры.
У санктуарыі Маці Божай Лагішынскай завяршыліся працы па замене даху. Улетку парафіяне звярталіся з просьбай дапамагчы сабраць неабходную суму на рамонт даху. Гэта быў важны этап работ па аднаўленню храма Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне, дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай, Каралевы Палесся, апякункі Пінскай дыяцэзіі. Неагатычнаму касцёлу ўжо больш за 100 гадоў - храм пабудавалі ў 1909 г. Вернікам, ахвярадаўцам, работнікам, а ў першую чаргу Богу дзякуюць за паспяхова завершаныя працы.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.