Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Імша падзякі за служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродна. 17 кастрычніка ўрачыстую літургію ўзначаліў сам іерарх, прызначаны арцыбіскупам і Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Ён пакідае Гродзеншчыну пасля больш чым 25 гадоў служэння тут. 23 кастрычніка 2021 г. адбудзецца яго ўрачысты інгрэс у мінскую архікатэдру. Завяршаючы служэнне ў роднай дыяцэзіі, арцыбіскуп-намінат выказаў удзячнасць Богу за ўсялякае дабро, якое атрымаў і выслухаў словы падзякі мясцовага духавенства.
У Беларусі распачаўся дыяцэзіяльны этап двухгадовага сінадальнага шляху. З гэтай нагоды 17 кастрычніка 2021 г. старшыня Сінадальнай камісіі пры беларускім епіскапаце біскуп Аляксандр Яшэўскі скіраваў пасланне. Ён падкрэсліў, што “Касцёл павінен умець быць блізка, і не толькі для таго, каб проста выслухаць. Касцёл павінен суправаджаць у падарожжы, ісці разам з людзьмі; павінен асвятляць ноч, якая ахінула так шмат братоў і сясцёр у іх уцёках з Ерузалема. Касцёл павінен быць здольным разгледзець у прычынах аддалення людзей шляхі іх магчымага вяртання".
У Мінску з удзелам арцыбіскупа Антэ Ёзіча прайшлі святочныя мерапрыемствы ў гонар 100-гадовага юбілею прысутнасці салезіянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. 16 кастрычніка 2021 г. свята распачалося гістарычным сімпозіумам, а кульмінацыяй стала св. Імша ў архікатэдры – цэлебрацыю ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі. 17 кастрычніка 2021 г. у парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні 100-годдзе прысутнасці салезіянаў у Беларусі адзначылі з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага.
Тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак па ўсёй Беларусі далучыліся да акцыі Мільён дзяцей моліцца Ружанец. Увечары 18 кастрычніка 2021 г. прайшла міжнародная ініцыятыва, да якой з дапамогай прамой трансляцыі і тэлемосту сёлета далучыліся дзеці з розных куткоў Беларусі. Тэлемост быў усталяваны паміж Хрысціянскім сацыяльным цэнтрам у Мінску, адкуль на нацыянальным узроўні каардынавалася малітоўная ініцыятыва, а таксама сабранымі на малітву дзецьмі ў Віцебску, Гродне, Баранавічах і Магілёве.
Біскуп Алег Буткевіч павіншаваў беларускіх грэка-католікаў з 425-годдзем Берасцейскай уніі. Кіраўнік епіскапату падкрэсліў, што “гэты юбілей дае нагоду падзякаваць нашаму Збаўцу Езусу Хрысту за чатыры стагоддзі, на працягу якіх рыма-католікі і грэка-католікі сумесна абвяшчалі Хрыстовае Евангелле на нашых землях”. Біскуп Буткевіч, звяртаючыся да Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, звярнуў увагу на тое, што ён змог “аднавіць душпастырскую дзейнасць і літургічнае жыццё парафій, распачаць актыўнае дабрачыннае сацыяльнае служэнне на карысць усяго грамадства”.
У гадавіну рэкансэкрацыі мінскай катэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прэзентаваў кнігу ўспамінаў пра кардынала Свёнтка. 21 кастрычніка 2021 г. арцыбіскуп-эмерыт узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў катэдральным касцёле, рэкансэкрацыя якога адбылася ў 1997 г. Пасля літургіі прайшла прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка Мяне заўсёды ратавала вера…, выдадзенай выдавецтвам Pro Christo. Арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў сабраным пра выданне, прысвечанае Сведку веры, першаму і адзінаму ў сучаснай гісторыі Беларусі кардыналу, якое выйшла ў свет у 10-ю гадавіну яго смерці.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.