Катакомбы св. Саламоніі ў Пафасе Катакомбы св. Саламоніі ў Пафасе 

Арцыбіскуп Піцабала: на Кіпры Папа ўбачыць драму Блізкага Усходу

Мы ганарымся візітам, які стане і пілігрымкай, і сустрэчай, - напісаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала ў лісце з нагоды абвяшчэння даты папскай пілігрымкі на Кіпр.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх апісвае візіт Францішка як сустрэчу з рэчаіснасцю Блізкага Усходу, якая злучае ў Міжземным моры, таксама і на Кіпры, трагедыю сем’яў, што бягуць ад войнаў, беднасці, барацьбы за ўладу і рэлігійных падзелаў.

Арцыбіскуп Піцабала нагадаў, што Кіпр, з аднаго боку, утрымлівае багацце і хараство, але таксама супярэчлівасці і трагедыі ўсяго Блізкага Усходу. Тут знаходзіцца акно ў заходні свет, з якім краіна заўсёды падтрымлівала жывыя кантакты. Востраў з’яўляецца своеасаблівым мостам, дзе сыходзяцца і змешваюцца культуры Усходу і Захаду, утрымліваючы ў сабе прыгажосць і раны мінулага. Гэта перакрыжаваная гісторыя, якая, магчыма, больш інтэнсіўна і балюча разгортваецца ў іншых рэгіёнах Блізкага Усходу.

Ужо на працягу многіх гадоў Кіпр перажывае палітычны і тэрытарыяльны падзел, які ператварыўся таксама ў рэлігійны, звязаны з драмай пакутлівай міграцыі і эканамічным і сацыяльным крызісам.

Патрыярх акрэсліў экуменічныя адносіны з Праваслаўнай Царквой як дасканалыя. Яны ўтрымліваюць супрацоўніцтва ў розных сферах, у тым ліку выкарыстанне праваслаўных храмаў для каталіцкіх набажэнстваў, што цяжка знайсці ў іншых месцах. Невялікія касцёлы не могуць прыняць мноства мігрантаў і замежных рабочых, якія ўзбагачаюць мясцовую каталіцкую супольнасць і робяць касцёльнае жыццё жывым і гарачым ва ўсіх частках вострава.

На Кіпры, звярнуў увагу Патрыярх, існуе дабрачыннае абавязацельства вітаць бежанцаў, прысутнасць якіх прапарцыянальна большая, чым у любой іншай еўрапейскай краіне.
 

10 лістапада 2021, 11:49