Кардынал: Fratelli tutti – энцыкліка пандэміі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарх выступіў падчас веронскага Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла, прысвечанага сёлета наступствам пандэміі. Паводле арцыбіскупа Сіенскага, крызіс яшчэ больш яскрава паказаў слушнасць аналізу, праведзенага Францішкам у Fratelli tutti, і неабходнасць усеагульнага братэрства. Таму энцыкліку можна лічыць прарочым дакументам.
Размаўляючы з Vatican News, кард. Лаюдзічэ таксама ўказаў на нязменную ролю сям'і ў будаўніцтве будучыні. “Зразумела, што традыцыйная мадэль сям'і застаецца галоўным і абсалютным арыенцірам. Мы ў гэтым перакананыя. Аднак сёння гэты інстытут знаходзіцца ў крызісе, бо ідэя любові ўсё больш і больш ставіцца пад сумнеў. У той жа час уводзяцца іншыя формы сужыцця, якія так ці інакш уздзейнічаюць на фундаментальную структуру сям'і. Аднак для нас сям'я застаецца цэнтральнай і абсалютнай”, - падкрэсліў італьянскі іерарх.
Лаюдзічэ перакананы, што ў такой сітуацыі неабходна падтрымліваць у моладзі “жаданне ствараць сям’ю такой, якой яна павінна быць, як заўсёды вучыў нас Касцёл, як гэтае паказвае нам Аб’яўленне”. Ён разумее, што "гэта цяжкі і патрабавальны шлях”, але Касцёл павінен рабіць усё, што яго сілах, каб адбывалася менавіта так.