Кс. Хуліян Карон падчас сустрэчы з Папам Кс. Хуліян Карон падчас сустрэчы з Папам 

Кіраўнік руху Comunione e Liberazione падаў у адстаўку

Кіраўнік касцёльнага руху Comunione e Liberazione (Камунія і вызваленне), кс. Хуліян Карон абвясціў 15 лістапада 2021 г. аб сваёй адстаўцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У лісце да ўдзельнікаў Руху, заснаванага кс. Луіджы Джусані ў 1954 г., іспанскі святар заявіў, што ён прыняў такое рашэнне, “каб змена кіраўніцтва, да чаго заклікае Святы Айцец... магла адбыцца са свабодай, якой патрабуе гэты працэс”. Ён спаслаўся на дэкрэт, выдадзены Апостальскай Сталіцай у чэрвені, які ўстанаўлівае тэрміны паўнамоцтваў кіраўнікоў міжнародных асацыяцый вернікаў і новых супольнасцей.

У сакавіку 2020 г. 71-гадовы святар быў пераабраны старшынёй Comunione e Liberazione яшчэ на шэсць гадоў. На пасаду ён уступіў у 2005 г., адразу пасля смерці кс. Джусані. У 2014 г. яго паўторна абралі на шэсць гадоў. Яго трэці тэрмін павінен быў скончыцца ў 2026 г.

11 чэрвеня 2021 г. Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця абнародавала Агульны дэкрэт, якім пастанавіла, што адзін і той жа чалавек можа знаходзіцца на пасадзе кіраўніка міжнароднай асацыяцый свецкіх вернікаў, як прыватнай, так і грамадскай, максімум 10 гадоў запар або два пяцігадовыя тэрміны. Пераабранне на пасаду магчыма толькі пасля пяцігадовага перапынку.

Comunione e Liberazione (Камунія і вызваленне) – касцёльны рух, які паходзіць з моладзевай групы Каталіцкай акцыі. Сёння ён прысутнічае ў 70 краінах свету і ўключае каля 60 тыс. дарослых членаў. Больш за 40 гадоў Рух арганізоўвае штогадовыя Сустрэчы сяброўства паміж народамі ў Рыміні.
 

16 лістапада 2021, 12:09