Папа хоча даць імпульс рэформе кананічнага працэсу ў Італіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
26 лістапада 2021 г. у Ватыкане быў абнародаваны адмысловы motu proprio Святога Айца. Заснаваная ім структура будзе дзейнічаць пад кіраўніцтвам дэкана Трыбунала Рымскай Роты, манс. Алехандра Арэлана Сэдзіё. У яе склад увайшлі два суддзі Трыбунала: манс. Віта Анджэла Тадзіска і манс. Давідэ Сальваторэ, а таксама прадстаўнік Канферэнцыі Біскупаў Італіі – біскуп Вінчэнца Пізарэла, пастыр дыяцэзіі Орыя.
Папа нагадаў, што ў 2015 г. ён выдаў Апостальскі ліст Mitis Iudex Dominus Iesus, дзякуючы якому кананічны працэс прызнання несапраўднасці сужэнства стаў больш простым і даступным за кошт умацавання адказнасці дыяцэзіяльных біскупаў, судовая ўлада якіх па сваёй прыродзе “прадугледжвае блізкасць паміж суддзёй і вернікам”.
Святы Айцец патлумачыў, што новая Камісія павінна будзе падтрымаць Касцёл у Італіі ў “прыняцці рэформы”, даючы “новы імпульс” ажыццяўленню ўказанняў, змешчаных у Апостальскім лісце Mitis Iudex Dominus Iesus.
Новая Папская камісія павінна будзе здзяйсняць праверку і дапамагаць у поўным і неадкладным ажыццяўленні гэтай рэформы ў Касцёле ў Італіі, што дапаможа яму “паказаць вернікам аблічча велікадушнай маці ў пытанні, шчыльна звязаным са збаўленнем душ”, - перакананы Папа. Напрыканцы сваёй дзейнасці Камісія павінна будзе падрыхтаваць дэтальную справаздачу адносна выкарыстання ў Італіі новых нормаў прызнання несапраўднасці сужэнства.