Пантыфік сустрэўся з біскупамі Чэхіі ў межах візіту ad limina
Ян Глінскі - Vatican News
Па словах старшыні Канферэнцыі Біскупаў Чэхіі арцыбіскупа Яна Граўбнера, гэта была братэрская сустрэча, поўная ўзаемнага слухання, пашаны і адкрытасці.
Мітрапаліт Оламаўцкі падкрэсліў вялікую свабоду Пантыфіка і яго клопат пра кожнага чалавека. Папа распачаў сваю сустрэчу з чэшскімі і мараўскімі біскупамі ад кампліментаў: “Я чуў, што Прага – найпрыгажэйшы горад у Еўропе”. Чэшскія іерархі заахвочвалі Святога Айца наведаць іх краіну і асабіста пабачыць горад. “Калі прыйдзе на гэта час”, - адказаў Францішак, а таксама з радасцю прыняў падарункі, выкананыя чэшскімі мастакамі.
Арцыбіскуп Граўбнер падзяліўся, што ў размове з Папам гаворка ішла і пра новыя біскупскія намінацыі. У гэтым кантэксце Святы Айцец заахвоціў іерархаў да малітвы і супрацоўніцтва з Кангрэгацыяй па справах біскупаў.
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Чэхіі, каментуючы візіт ad limina, адзначыў, што ў большасці ведамстваў яны сустрэлі сапраўдную сінадальнасць. “Нас прымалі з адкрытасцю, жаданнем слухаць, дапамагаць і быць у нашым распараджэнні. З разуменнем, што сутнасць не ў загадах і іх выкананні, а ў слуханні Духа Святога. Гэта наймацнейшае ўражанне, якое ў мяне засталося, і я быў бы шчаслівы, калі б у нас атрымалася перанесці гэтую атмасферу ў нашыя дыяцэзіі, у нашыя парафіі”, - адзначыў арцыбіскуп Граўбнер.
Мітрапаліт Оламаўцкі выказаўся таксама аб сінадальным працэсе, які ў гэты час трывае ў Касцёле. “Папа падкрэсліў, што справа не ў тым, каб нешта вырашыць, але перш за ўсё, каб мы жылі гэтым працэсам. Больш за тое, Святы Айцец падкрэсліў, што вынікам сіноду павінен быць не дакумент, які трапіць у бібліятэку. Ён хоча, каб гэты працэс меў працяг і нёс аздараўленне”, - дадаў старшыня чэшскага епіскапату.