Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Баль Усіх Святых арганізавалі ў парафіях Гродзеншчыны. 1 лістапада 2021 г. у гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай у сустрэчы ўдзельнічалi дзеці і дарослыя, якія апрануліся ў касцюмы розных святых і благаслаўлёных. Таксама Баль Усіх Святых правялі ў лідскіх парафіях Узвышэння Святога Крыжа і Святой Сям’і. Мэтай ставілі паказаць святасць у штодзённым жыцці, каштоўнасць дабра і любові да Бога. У сваю чаргу, дзеці гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці вырашылі сцвердзіць, што святасць напоўнена радасцю і арыгінальнымі ідэямі, і евангелізаваць сваёй прысутнасцю. Апрануўшы касцюмы ўлюбёных святых, яны вырушылі на лядовую арэну ў мясцовым гандлёва-забаўляльным комплексе.
Апостальскі нунцый і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі памаліліся ў Курапатах. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі у Дзень Усіх Святых, 1 лістапада 2021 г., наведалі ўрочышча пад Мінскам, дзе былі расстраляныя шматлікія ахвяры камуністычнага тэрору. Таксама ў гэты дзень каталіцкае духавенства традыцыйна малілася ў Трасцянцы – на месцы найбуйнейшага лагера смерці на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР, створанага гітлераўцамі ў наваколлях Мінска. Малітвы на месцы масавых пахаванняў нявінна забітых адбыліся і ў рэгіёнах – у прыватнасці ў Гомелі з удзелам дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца.
Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў біскуп Гродзенскі цэлебраваў Імшу на францішканскіх могілках у абласным цэнтры. 2 лістапада 2021 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч ля адноўленай капліцы, пабудаванай у XIX ст., узначаліў св. Імшу ў інтэнцыі памерлых вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі. У той жа дзень арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю на могілках, якія знаходзяцца непадалёк ад прадпрыемства Гродна Азот, дзе пахаваны ягоныя блізкія. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі правёў набажэнства за памерлых з працэсіяй па Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Выдадзена кніга пра гісторыю Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі Беларусі. Выданне распавядае пра часы з 1921 па 1991 гг. і мае назву Ахопленыя надзеяй. Галоўная мэта працы, аўтарам, якой з’яўляецца салезіянін кс. Артур Ляшнеўскі – даследаванне і апісанне дзейнасці Таварыства св. Францішка Сальскага на беларускіх землях падчас трох перыядаў: у міжваенны, ваенны і пасляваенны, да распаду Савецкага Саюзу. У кнізе падкрэсліваецца вялікі ўнёсак салезіянскіх місіянераў у справу ратавання і адраджэння каталіцкай веры ў краіне.
У лепельскім касцёле з’явіўся абраз св. Губерта, успамін якога адзначаўся 3 лістапада. Пробашч мясцовай парафіі св. Казіміра кс. Уладзімір Заянчкоўскі захапляецца паляваннем, таму вырашыў папулярызаваць асобу св. Губерта – заступніка паляўнічых і леснікоў. Выява выканана ўкраінскім майстрам з бука, рамка абраза зробленая з дуба. Паводле святара, падчас сустрэч з аматарамі палявання ён натхняе іх на малітву да св. Губерта і заўважае, што многім паляўнічым падабаецца такая ініцыятыва. Пробашч заахвочвае здзяйсняць прыватныя пілігрымкі ў Лепельскі касцёл, каб памаліцца перад абразом св. Губерта. Калі палепшыцца эпідэміялагічная сітуацыя, у планах рабіць перэгрынацыю абраза па ўсёй Беларусі, дзе будуць арганізоўвацца сустрэчы паляўнічых.
Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.