Кардынал Хуан Хасэ Амэла Кардынал Хуан Хасэ Амэла  

Кардынал Амэла: Бог прысутнічае ў ночы чалавецтва

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі, кардынал Хуан Хасэ Амэла ў сваім калядным пасланні прапануе не ўпускаць магчымасці ўбачыць Святло, якое свеціць у цемры і ночы чалавецтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Барселоны звярнуўся асабліва да тых, хто жыве ў цемры і без даху над галавой, да тых, хто пакутуе з розных прычын: асабістых, праблем са здароўем, беспрацоўя, страты блізкага чалавека і наступстваў стыхійных бедстваў. Ён нагадаў, што гэта перыяд цяжкі для ўсіх, але час глыбокай цемры не чужы Богу. Мы не павінны палохацца цёмнага сцэнарыя, праз які мы праходзім, але адкрыцца і прыняць Святло, што ідзе звыш.

“У гэтую ноч гісторыі Касцёл запрашае ўсё чалавецтва не ўпусціць магчымасці ўбачыць і прыняць Божае Святло. Марыя з’яўляецца вялікім сведкам таго, як можа змяніцца гісторыя, калі толькі адзін чалавек атрымае Святло, што прыходзіць звыш, як ён здольны змяніць усё. “Так” Марыі нагадвае, што для Бога няма нічога немагчымага. Яна змагла прыняць гэтае Святло, таму што жыла ўважліва і глыбока ў еднасці з Богам. Пасля сведчання Марыі, першай вучаніцы, многія людзі прынялі Бога ў сваё жыццё і сталі святлом для свету”, - падкрэсліў кардынал Амэла.

Іерарх адзначыў, што “ўся гісторыя сведчыць пра асоб, якія бачылі свет такім, якім бачыць яго Бог”. “Творца ўбачыў, што ён добры, свет, поўны святла і ззяння, нягледзячы на розныя цені. Гэтыя людзі дзейнічаюць як Добры Самаранін, які дапамог параненаму, што ляжаў на абочыне дарогі ігнараваны ўсімі. Дзякуючы нашым дзеянням мы можам супрацоўнічаць з Богам у будаўніцтве больш гуманнага свету. І калі мы будзем дзейнічаць разам, сінадальна, плён будзе багаты”, - перакананы старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі.
 

28 снежня 2021, 11:16