Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл Лацінскай Амерыкі працягвае стварэнне сеткі абароны жыцця

Старшыня Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM), арцыбіскуп Мігель Кабрэхас Відартэ заявіў аб далейшых намаганнях па стварэнні сеткі абароны жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх заклікаў мясцовыя Касцёлы рэгіёна пацвердзіць сваё пакліканне быць “адвакатамі справядлівасці і абаронцамі бедных”. Ён звярнуў увагу на тое, што ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца прывілеяванай нагодай для сузірання таямніцы Сына Божага, Які прыходзіць, каб збавіць нас і зрабіць нас вестунамі надзеі.

“Евангелле святога Лукі кажа, што анёлы абвясцілі пастухам Добрую Навіну аб нараджэнні Збаўцы. Сапраўды гэтак жа Касцёл Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна радуецца гэтай Добрай Навіне, таму што Пан ідзе нам насустрач, ажыўляе нас сваім словам і сведчаннем і запрашае нас працягваць удзельнічаць у будаўніцтве лепшага свету ў святле Евангелля, каб усе людзі ў Езусе Хрысце атрымалі жыццё ў дастатку”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кабрэхас.

“Сузіраючы Дзіця ў яслях, загорнутае ў пялёнкі, запрашаю вас адкрыць для сябе нованароджанага Езуса ў дзецях, якія найбольш пакутуюць на нашым кантыненце, асабліва ў самых бедных, памятаючы пра тых, хто страціў члена сям’і падчас пандэміі, пра бяздомных і хворых у шпіталях, пра дзяцей мігрантаў, пра ахвяр гвалту. У іх мы распазнаём прысутнасць Бога, Які прыняў нашу чалавечнасць, каб ачалавечваць нас і ўзнесці нашу чалавечнасць да Бога”, - адзначыў лацінаамерыканскі іерарх.
 

28 снежня 2021, 10:56