Францішак падчас малітвы ля Турынскай Плашчаніцы Францішак падчас малітвы ля Турынскай Плашчаніцы 

Сузіранне Плашчаніцы ў цэнтры Еўрапейскай сустрэчы моладзі

Ідзе апошняя фаза падрыхтоўкі да Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Турыне. Пандэмія прымусіла арганізатараў змяніць формулу яе правядзення.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Удзельнічаць у малітоўным форуме зможа толькі моладзь з Турына і яго ваколіц, бо санітарныя абмежаванні не дазваляюць традыцыйнага размяшчэння пілігрымаў у сем’ях і парафіях. У цэнтры ўвагі мерапрыемства, арганізаванага братамі экуменічнай супольнасці Тэзэ, будзе сузіранне Турынскай Плашчаніцы.

Чарговы этап Пілігрымкі Даверу па Зямлі, распачатай у 1978 годзе, павінен быў прайсці ў Турыне ў 2020 годзе, але планы былі сарваныя пандэміяй каронавіруса. Сёлета браты з Тэзэ разам з Касцёлам у Італіі вырашылі не адмаўляцца ад сустрэчы. Але з прычыны санітарных абмежаванняў яны запланавалі яе ў два этапы: у канцы года (з 28 снежня 2021 года па 1 студзеня 2022 года) пройдзе абмежаваная моладзевая сустрэча з трансляцыяй у інтэрнэце, а ў ліпені 2022 г. – як плануецца – для ўсіх жадаючых.

Зараз моладзь прымуць некалькі турынскіх касцёлаў. Узначаліць сустрэчу прыёр экуменічнай супольнасці, брат Алоіс. Мітрапаліт сталіцы П'емонта абвясціў на 30 снежня пазачарговае выстаўленне Турынскай Плашчаніцы з трансляцыяй у СМІ.

“Сузіраць Плашчаніцу – гэта вялікі дар, які мы можам прапанаваць моладзі ў гэты цяжкі час”, - падкрэсліў арцыбіскуп Чэзаре Назілья. Ён адзначыў, што ў духоўнай падзеі прымуць удзел таксама дэлегацыі з іншых італьянскіх дыяцэзій і з-за мяжы. Яна стане прадвесніцай ліпеньскага этапу Пілігрымкі Даверу па Зямлі, на якую, па словах арцыбіскупа, у Турыне збяруцца тысячы маладых людзей з усёй Еўропы.
 

20 снежня 2021, 10:28